Дзяржкантроль назваў правалы ў знешнім гандлі Беларусі

Грузавы карабель, ілюстрацыйнае фота

Грузавы карабель, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Урад не змог вырашыць шэраг праблем у знешнім гандлі Беларусі ў першай палове 2023 года. Гэта вынікае з даклада Камітэта дзяржкантролю для Аляксандра Лукашэнкі, які "Зеркало" атрымала з дапамогай BELPOL. Дакумент быў складзены ў жніўні 2023 года, падпісаў яго старшыня КДК Васіль Герасімаў.

Паводле КДК, урад выканаў толькі два пункты даручэнняў Лукашэнкі наконт знешняга гандлю: паляпшэнне падтрымкі экспарцёраў, а таксама замацаванне чальцоў урада за канкрэтнымі краінамі па экспарце. Ніводзін з гэтых пунктаў не вымяраецца колькаснымі паказчыкамі.

Спіс краін, куды пастаўлялася беларуская прадукцыя паменшаў: у 2022 годзе іх было 150, а ў 2023-м — 145. Асноўнымі пакупнікамі былі толькі пяць краін. 64,4% ад усяго экспарту ішло ў Расію, у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты — 9,7%, у Кітай — 5,1%, у Казахстан — 2,3%, у Бразілію — 1,7%.

Абрынуўся продаж замарожаная ялавічыны — зніжэнне склала 60%. Усяго было экспартавана прадукцыі на 100,3 млн долараў.

Істотна скараціўся экспарт некаторых важных тавараў у першай палове 2023-га. Напрыклад, пастаўкі мінеральных і змяшаных угнаенняў знізіліся на 36,5% — да 115,2 млн долараў. Экспарт некаторых лесаматэрыялаў абваліўся больш як на 70%, згушчанага і сухога малака і вяршкоў — на 71,6%.

Яшчэ больш знізіўся экспарт так званых спецыфічных тавараў, куды ўваходзіць прадукцыя ваеннага прызначэння, тавары (работы, паслугі) падвойнага выкарыстання, а таксама тавары, кантраляваныя ў інтарэсах нацбяспекі. У параўнанні з 2022-м гэты паказчык скараціўся на 82% і склаў 72,8 млн долараў.

На 67,8% панізіўся экспарт паслуг IT-сектара.

Прычым праблемы былі не толькі з пастаўкамі ў "недружалюбныя", але і ў "сяброўскія" краіны. Напрыклад, за студзень-чэрвень пастаўкі ў Зімбабвэ скараціліся амаль на 40% у гадавым выражэнні. А ў планах урада было, што яны вырастуць на 10%.

Расія на пачатку 2023 года забараніла ўвоз прадукцыі 59 беларускіх прадпрыемстваў. А ў жніўні ў расійскім "чорным спісе" было ўжо 61 прадпрыемства з Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі