Рэжым Лукашэнкі абвясціў у міждзяржаўны вышук Сяргея Чалага
Сяргей Чалы / Еўрарадыё
Афіцыйны Мінск абвясціў у міждзяржаўны вышук заснавальніка і кіраўніка Беларускага расследавальніцкага цэнтра Станіслава Івашкевіча і аўтара відэапраграм медыяпраекта Сяргея Чалага. Як заўважыла прэс-служба БАЖ, іх імёны ўнеслі ў базу вышуку расійскага МУС.
Як паведамляла Еўрарадыё, у гэтую базу раней былі ўнесеныя трое журналістаў "Бюро Медыя", якія перад тым супрацоўнічалі з БРЦ.
У верасні 2022 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Беларускі расследавальніцкі цэнтр "экстрэмісцкай арганізацыяй".
На думку Івашкевіча, уключэнне дзейных і былых супрацоўнікаў БРЦ не звязанае з нейкай крымінальнай справай у Расіі.
"Мяркую, што ўнясенне ў расійскую базу — гэта тэхнічнае наступства таго, што нас абвесцілі ў вышук беларускія ўлады. А чаму ўлады звяртаюць на нас асаблівую ўвагу? Сярод іншага, на маю думку, праз тое, што нашыя публікацыі ў тым ліку прыносілі істотную эканамічную шкоду карупцыйным схемам пад прыкрыццём беларускіх уладаў па абыходзе заходніх санкцый супраць Беларусі і Расіі", — кажа Івашкевіч.
Станіслаў Івашкевіч заснаваў Беларускі расследавальніцкі цэнтр у 2018 годзе. Каманда праекта вымушана эмігравала з Беларусі ў 2021 годзе пасля разгрому сілавікамі студыі БРЦ у Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.