Экс-міліцыянт і два кадэбісты дапамагалі сетцы наркагандляроў
Праваахоўнікі ўзялі пад варту дзесяць удзельнікаў арганізаванай злачыннай групы.
Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта расследуе крымінальную справу арганізаванай групы наркагандляроў.
Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК Сяргей Кабаковіч, у Мінску гэтая група доўгі час прывозіла і распаўсюджвала асабліва небяспечныя рэчывы пад выглядам курыльных сумесяў, міксаў, парашкоў, соляў для ваннаў і г.д.
Група прывозіла з Расіі рэчывы, яшчэ не ўнесеныя ў пералік забароненых у Беларусі. Гэта дазваляла яе чальцам сыходзіць ад адказнасці ў выпадку затрымання. Праваахоўнікам удалося выявіць, што да злачыннай дзейнасці асобных чальцоў групы маюць дачыненне былы супрацоўнік МУС і два супрацоўнікі КДБ.
Пры ператрусах праваахоўнікі канфіскавалі 2,5 кг асабліва небяспечных рэчываў, боепрыпасы. Паводле папярэдніх звестак, незаконны прыбытак, атрыманы ўдзельнікамі групы, склаў больш за 32 млрд рублёў.
Дзесяці ўдзельнікам групы выставілі абвінавачанне ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, незаконным абароце наркатычных сродкаў, учыненым арганізаванай групай, і незаконным захоўванні боепрыпасаў. Усе яны ўзятыя пад варту. На іх маёмасць коштам больш за 2 млрд рублёў накладзены арышт.
Цяпер па справе праходзяць 20 фігурантаў, з якімі працуюць следчыя. Расследаванне працягваецца.
Фота — novostey.com