Эксперт: На дзіцячую лінію даверу часта тэлефануюць дарослыя

120105 PadrezS.mp3

Еўрарадыё: Раней набраць нумар тэлефона даверу для дзяцей 8-801-100-16-11 можна было толькі са стацыянарнага апарата. Як часта дзеці карыстаюцца гэтым нумарам?


Вера Падрэз: Тэлефануюць часта. Ад часу адкрыцця нашай лініі 1 ліпеня 2011 года паступіла каля 370 званкоў. Агульная працягласць – 1848 хвілін. Кожны дзень мы маем 4-5 тэлефанаванняў.

Еўрарадыё: З якімі праблемамі найчасцей звяртаюцца дзеці?


Вера Падрэз: Найчасцей тэлефануюць з нагоды псіхалагічнага гвалту. Гэта каля 80% усіх званкоў. Распавядаюць таксама пра сітуацыі, што іх хвалююць, напрыклад, праблемы ў школе, праблемы з бацькамі. Бываюць проста цяжкія сітуацыі ў жыцці, з якімі яны не ведаюць як справіцца.

Еўрарадыё: Якога ўзросту гэта дзеці?


Вера Падрэз: Тэлефануюць найчасцей падлеткі. Часам гэта меншыя дзеці. Але як ні дзіўна, часта тэлефануюць і неабыякавыя дарослыя - педагогі, суседзі, бацькі, якія падазраюць факт гвалту або што з дзіцем адбываецца штосьці нядобрае. Яны непакояцца, тэлефануюць на лінію і просяць дапамогі.

Еўрарадыё: А ці часта бываюць званкі пра сэксуальныя дамагальніцтвы?


Вера Падрэз: На шчасце нячаста, за ўвесь час можа 3-4 званкі. Пераважна гэта ўсё ж псіхалагічны ціск.

Еўрарадыё: А ў чым заключаецца псіхалагічны ціск?


Вера Падрэз: Гэта пагрозы, абразы, прыніжэнне годнасці, ігнараванне іх патрэбаў.

Еўрарадыё: А ці не спрабуюць дзеці праз тэлефон даверу ціснуць на бацькоў?


Вера Падрэз: Такой інфармацыі ў нас няма, спадзяюся што такога няма і не будзе. Часцей тэлефануюць проста каб паразмаўляць, падзяліцца перажываннямі. Дзеці пытаюць парадаў.

Еўрарадыё: А што вы робіце пасля таго як паступіў званок?


Вера Падрэз: Наша лінія працуе ў двух кірунках. Першы – непасрэднае псіхалагічнае кансультаванне, то бок, экстраная дапамога па тэлефоне, калі патрэбная псіхалагічная падтрымка. Другі кірунак нашай дзейнасці – перанакіраванне. Нашы кансультанты або самі звязваюцца з адпаведнымі інстанцыямі, і накіроўваюць туды таго, хто пазваніў, або паведамляюць яму нумар тэлефона і адрас арганізацыі, у якую можна звярнуцца. У нас створаны спецыяльны рэсурсны даведнік для кансультантаў лініі, дзе сабраныя адрасы і тэлефоны усіх арганізацый і дзяржаўных установаў, якія могуць дапамагчы дзецям па ўсёй Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі