Фігурыста Мілюкова спыталі, ці не шкадуе ён пра змену зборнай РФ на беларускую
Канстанцін Мілюкоў / РИА Новости
"Трэба жыць сённяшнім днём", адказаў фігурыст Канстанцін Мілюкоў на пытанне аб тым, як ён ацэньвае свой пераход з расійскай зборнай у беларускую. Журналіст агенцтва "РИА Новости" спытаў спартсмена, як гэта выступаць за іншую краіну.
Па словах Мілюкова, ён не думае аб адчуваннях, што не справіўся з канкурэнцыяй у Расіі.
"Усё да лепшага. Не факт, што ў Расіі мне ўдалося б выступіць на Алімпіядзе", — адзначыў ён. Па словах Мілюкова, у Беларусі яму падабаецца.
"Дранікі шыкоўныя — праўда, нячаста атрымоўваецца іх ёсць, сачу за формай", — растлумачыў ён.
Па выніках кароткай праграмы Мілюкоў, які прадстаўляе Беларусь, заняў 21-е месца. Трое прадстаўнікоў Расіі — Яўген Семяненка, Марк Кандрацюк і Андрэй Мазалёў — апынуліся адпаведна на 7-м, 15-м і 23-м месцы. Першае месца з сусветным рэкордам у кароткай праграме заняў амерыканец Натан Чэн (113,97). Другім і трэццім сталі японцы Юма Кагіяма і Сёма Уно. Па правілах 24 фігурыста з 30 адбіраюцца далей у адвольную праграму. Гэты этап спаборніцтваў адбудзецца 10 лютага.
Апошні раз у мужчынскім адзіночным катанні на Алімпіядзе Беларусь была прадстаўленая ў 2006 годзе ў Турыне. Тады Сяргей Давыдаў заняў 16-е месца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.