Фронтавец Іван Шэга: Маё зняццё з выбараў было б капітуляцыяй

Партыя БНФ прыняла рашэнне зняць сваіх кандыдатаў у дэпутаты з выбараў у Палату прадстаўнікоў за пяць дзён да дня галасавання, аднак не ўсе фронтаўцы да гэтага гатовыя.   "Калі прымалася гэтае рашэнне, я ўстрымаўся", - кажа кандыдат у дэпутаты ў Слоніме, лекар-траўматолаг Іван Шэга. Паводле яго словаў, практычна ўсе кандыдаты-фронтаўцы, якія былі зарэгістраваныя, хацелі б "ісці да канца".

Шэга спасылаецца на тое, што рашэнне сойма "яшчэ не канчатковае" і кандыдаты, у якіх "добрыя шансы", змогуць удзельнічаць у выбарах і не парушаць партыйную дысцыпліну.
Іван Шэга кажа, што яго ўдзелу ў выбарах жадаюць многія слонімцы, якія хацелі б мець альтэрнатыву вертыкальшчыку (супернікам Шэгі з'яўляецца старшыня райвыканкаму Мечыслаў Касцюк):

"Калі казаць пра нашых выбарнікаў, вельмі многія жадаюць, каб я ішоў да канца. Таму што хочуць прыйсці і прагаласаваць за мяне асабіста. Многія хочуць мець альтэрнатыву, бо інакш пратэстна будуць галасаваць. Калі я здымуся, то застаецца адзін толькі прадстаўнік улады".

Сябра Партыі БНФ лічыць, што яго зняццё было б "капітуляцыяй". Таксама Іван Шэга вырашыў узяць дзяржаўныя грошы на друк улётак, хаця кіраўніцтва партыі заяўляла, што іх кандыдаты гэтага рабіць не будуць.