"Ганебны акт помсты". Ціханоўская — пра затрыманне музыкаў гурта Nizkiz
Гурт Nizkiz
Святлана Ціханоўская пракаментавала затрыманне музыкаў з гурта Nizkiz.
"Беларускі рэжым працягвае бязлітасную атаку на нашу культуру. Удзельнікі папулярнага гурта Nizkiz былі жорстка затрыманыя сілавікамі ў сваіх кватэрах. Іх песні часта гучалі падчас пратэстаў 2020 года. Гэта яшчэ адзін ганебны акт помсты рэжыму", — напісала лідарка беларускіх дэмакратычных сіл у сацсетцы " X".
Пра затрыманне траіх музыкаў з гурта Nizkiz: вакаліста Аляксандра Ільіна, басіста Сяргея Кульшы і бубнача Дзмітрыя Халяўкіна — стала вядома раніцай 6 студзеня 2024 года. Прапаганда сцвярджае, што музыкі пасля падзеяў 2020 года пакінулі Беларусь, але вырашылі вярнуцца. Аднак паводле інфармацыі Еўрарадыё гэта не так. Трое з чацвярых удзельнікаў гурта пастаянна пражывалі ў Магілёве, выязджаючы з горада на канцэрты. Яны і былі затрыманыя.
Песня "Правілы" Nizkiz стала адным з сімвалаў пратэсту ў 2020 годзе. Калі ў краіне пачаліся рэпрэсіі супраць музыкаў, кліп на яе быў выдалены з YouTube.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.