Ганна Канапацкая: мая сям'я шмат страціла праз тое, што я пайшла ў палітыку

Ганна Канапацкая / Марыя Вайтовіч
Ганна Канапацкая / Марыя Вайтовіч

Ганна Канапацкая заявіла пра прэзідэнцкія амбіцыі адной з першых. Касцяк ініцыятыўнай групы экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў склалі сябры Партыі БНФ, якія прайшлі ўжо не адны выбары. Два дні таму палітык расказала, што 100 тысяч подпісаў, неабходных для яе вылучэння, сабраныя.

Канкурэнты і нядобразычліўцы, тым часам, выкарыстоўваюць супраць Канапацкай тактыку дробнага фолу. То скрыншот з ананімнымі плёткамі апублікуюць, то раструбяць на ўвесь інтэрнэт, як яна параўноўвае Віктара Бабарыку на пасадзе прэзідэнта Беларусі з педафілам у дзіцячым садку. Барацьба абвастраецца, абстаноўка награваецца.

Пра сямейны бізнес, харасмент, скандальны праект закона з гарантыямі былому прэзідэнту і многае іншае Ганна Канапацкая расказала рэдактару Еўрарадыё Змітру Лукашуку ў пятым выпуску праграмы "Кандыdating".

 

Навошта ўвязалася ў прэзідэнцкую кампанію

— Такое пытанне мне задаюць з тых часоў, як я прыйшла ў палітыку. Сёння як ніколі патрэбны канструктыўныя рэформы ў эканоміцы, палітычным, сацыяльным жыцці. У мяне двое дзяцей, яны беларусы, яны беларусы па грамадзянстве, яны беларусы па свядомасці, я хачу, каб яны жылі ў незалежнай і эканамічна развітой краіне. Дачка вучыцца ў Аўстрыі. Вельмі хоча вярнуцца ў Беларусь, але не можа праз каранавірус.
 

Пра бацьку-мільянера

— Мой бацька стаў першым доларавым мільянерам, але не пры гэтай уладзе. А пры гэтай уладзе ён якраз-такі ўсё страціў. Апошнім часам ён кажа, што ў яго няма магчымасці працаваць і зарабляць так, як гэта было раней. Мая сям'я шмат страціла — нерухомасці, акцый — праз тое, што я займаюся палітыкай. Калі мы пра гэта не гаворым — гэта не значыць, што гэтага няма.
 

Пра харасмент

— Нават канфлікт з кіраўніцтвам АГП можа быць выкліканы гендарным непрыманнем. Што да іншых выпадкаў (напрыклад, у Палаце прадстаўнікоў), пра якія я вам расказвала... Я ніколі не дазваляла сабе пераступаць нормы этыкету ў адносінах да сваіх партнёраў у бізнесе, дэпутатаў. Мяне выхавалі правільна. Я заўсёды павітаюся, я заўсёды развітаюся, я заўсёды прапаную чалавеку, які прыйшоў да мяне на перамовы, гарбату і каву, я ўмею сябе паводзіць у любой кампаніі. Я паспяховая беларуская жанчына. І я ўпэўненая, што кожная беларуская жанчына можа быць прыгожай і паспяховай у бізнесе і ў сямейным жыцці.
 

Чым займалася ў Палаце прадстаўнікоў

— Я іду на выбары з лозунгам "Я зраблю". Як доказ расказваю пра працу ў Палаце прадстаўнікоў. Гэта было няпроста, але за тры гады мне ўдалося ўнесці папраўкі больш чым у сорак законапраектаў, ініцыяваць чатыры іншыя законапраекты, адзін з якіх быў рэалізаваны. Мы разам з памочнікамі распрацоўвалі палажэнне аб грамадскіх слуханнях, аб выдачы бальнічных лістоў, аб прызначэнні дапамог на аздараўленне. У мяне ёсць досвед, і ў мяне ёсць багаж перамог. І калі б тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў не скарацілі да трох гадоў, я б паспела больш.
 

Пра слабыя рэйтынгі ў анлайне

— Жыццё ж праходзіць у афлайне, а не ў анлайне. Я стаю на пікетах, езджу па рэгіёнах. Бачу рэакцыю людзей. У мяне, можа быць, не настолькі вялікая колькасць падпісчыкаў у сацыяльных сетках, як у некаторых іншых кандыдатаў ці прэтэндэнтаў. Але мая невялікая колькасць падпісчыкаў адразу ж вылілася ў 200 подпісаў, калі я была гатовая ўдзельнічаць у праекце кааліцыі, па аб'яднанні.
 

Пра дзяржаўную мову

— Я лічу, што ў Беларусі як у незалежнай суверэннай дзяржаве павінна быць адна дзяржаўная мова. Але я заўсёды сумленная са сваім выбаршчыкам і кажу, што, на жаль, на першым тэрміне гэта будзе зрабіць немагчыма. Але на другім — так, беларуская мова дзяржаўная.
 

Ці будзе сям'я мець прэферэнцыі

— Нам проста трэба не перашкаджаць, як і многім беларусам, якія займаюцца бізнесам. Незалежна ад таго, наколькі ён вялікі або малы. Усе яны гавораць пра адно: трэба проста стварыць умовы. Роўныя правы для любога віду ўласнасці, незалежны суд, роўны доступ да рынкаў і гэтак далей. Калі дзяржава дапамагае ў звычайных умовах — гэта няправільна. Хай яна проста не перашкаджае.
 

Скандальны праект закона аб гарантыях першаму прэзідэнту

— Я пісала гэты законапраект для таго, каб паказаць магчымасць змяняльнасці ўлады. Другая мэта — паказаць, што любы чыноўнік незалежна ад рангу можа быць і павінен быць прыцягнуты да адказнасці ў выпадку, калі ён здзейсніў злачынства. Але ён павінен паўстаць перад законным, незалежным судом. Гэта не павінен быць "суд Лінча".
 

У выпадку пройгрышу

— Калі будуць сумленныя выбары, калі яны будуць адпавядаць стандартам АБСЕ, беларускаму заканадаўству — я пацісну руку таму, хто мяне пераможа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі