Глобусы з расійскім Крымам прадаюцца і ў Мінску
На глобусах, якія прадаюцца ў кніжных крамах беларускай сталіцы, Крымскі паўвостраў пазначаны расійскім.
У кнігарнях у цэнтры Мінска Еўрарадыё не знайшло ніводнага глобуса, на якім Крым — украінскі. Нават у дзяржаўных крамах, якія спецыялізуюцца на школьнай прадукцыі.
У кнігарнях сустракаюцца глобусы польскай і расійскай вытворчасці. А вось большасць насценных мапаў — беларускія, і там Крым — украінскі.
Беларускія мапы друкуе РУП “Белкартаграфія”. Яго галоўны рэдактар Галіна Ляхава кажа, што атрымлівае безліч званкоў з нагоды прыналежнасці Крыма. Але яна спасылаецца на парады Міністэрства замежных спраў, якое, у сваю чаргу, прытрымліваецца рашэнняў Генеральнай асамблеі ААН.
“Па рэкамендацыі Міністэрства замежных спраў нам прапанавана прытрымлівацца раней прынятых падыходаў у адлюстраванні прыналежнасці Крыма і дзяржаўнай мяжы паміж Расіяй і Украінай”, — тлумачыць галоўная рэдактарка.
На сайце МЗС, дарэчы, Крымскі паўвостраў пазначаны як украінскі.
Спецыялісты “Белкартаграфіі” пастаянна пільнуюць, якія карты і глобусы з’яўляюцца ў кнігарнях, але паўплываць ні на што не могуць, бо гэта кампетэнцыя Мінгандлю.
У прэс-службе Мінгандлю кажуць, што разбіраюцца з гэтай сітуацыяй.
Тадэвуш Главала, кіраўнік польскага прадпрыемства Zachem-Głowala, якое робіць для нас тыя самыя глобусы, паведаміў Еўрарадыё, што расійскі Крым на іх прадукцыі — патрабаванне заказчыка. І калі б яны адмовіліся зрабіць гэта, то згубілі б буйнога партнёра.
У інтэрв’ю выданню Rzeczpospolita прадпрымальнік не адказаў, якое б рашэнне прыняла фірма, калі б Германія замовіла глобус, на якім польская Сілезія была б у складзе ФРГ.
Днямі раней, у магілёўскіх кнігарнях таксама знялі з продажу глобусы з расійскім крымам. Здарылася гэта неўзабаве пасля таго, як Упраўленне гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама “рэкамэндавала гарадскім суб’ектам гандлю пазбягаць продажу палітычных карт свету і глобусаў, на якіх тэрытарыяльная прыналежнасьць Крыму адрозніваецца ад агульнапрызнанай сусветнай супольнасцю”.