Грузінскія міністры на 8 гадоў маладзейшыя за беларускіх
Сярэдні ўзрост кабінета міністраў Беларусі — 54,4 года.
У суседняй Латвіі сярэдні ўзрост тамтэйшага кабінета міністраў “маладзейшы” за наш — 48,8 года. Наймаладзейшая там — 34-гадовая мністарка фінансаў Дана Рэйзніецэ-Озала.
Яшчэ больш малады кабінет міністраў Грузіі, яго сярэдні ўзрост — 46,5 года, гэта на 8 гадоў менш за беларускі. 35-гадовы міністр замежных спраў Міхаіл Джанелідзэ ў ім наймаладзейшы.
18 чалавек у беларускім кабінеце міністраў старэйшыя за 55 гадоў.
Розніца адчувальная, але ці сапраўды ўзрост уплывае на работу ўрада?
Грузінскі палітолаг і кіраўнік “Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства” Лаша Тугушы гаворыць, што амаложванне дзяржапарата Грузіі пачалося пасля распаду СССР.
“Я нават магу цяпер узгадаць выпадак, калі Шэварнадзэ паспрыяў прасоўванню па кар’ернай лесвіцы некалькіх старшых лейтэнатаў. За якія-небудзь 5 гадоў яны ператварыліся ў генералаў і занялі ключавыя пасады ў МУС”, — прыгадвае палітолаг.
Такія ж тэндэнцыі працягнуліся і пры Саакашвілі, такі ж стыль уласцівы і цяперашняму ўраду. Маладыя кіраўнікі — гэта ўвасабленне новых падыходаў у палітыцы.
Палітолаг, дырэктар даследчай праграмы па ўсходнім суседстве і Расіі Фінскага інстытута міжнародных адносінаў Аркадзь Мошэс мяркуе, што “старыя” чыноўнікі таксама могуць працаваць эфектыўна.
Па яго словах, сучаснае заходняе грамадства грунтуецца на інстытутах, там кадры далёка не вырашаюць усё. Многае залежыць ад якасці апарата, бюракратыі:
“Колькі там рухаў па гарызанталі адбываецца. Сёння ён міністр замежных спраў, заўтра — міністр фінансаў. Гэта не значыць, што ён сам разбіраецца ў гэтым. Гэта значыць, што ён нясе палітычную адказнасць і гатовы праводзіць палітычную лінію, прадпісаную яго партыяй”, — тлумачыць палітолаг.
Нашмат больш важна, каб чыноўнікі ведалі сваю краіну, акалічнасці, з якімі ім прыйдзецца працаваць. Яны не мусяць бяздумна прымяняць тыя мадэлі, якім іх навучаць. Маладыя людзі могуць гэтак жа карумпавацца, а пажылыя могуць быць геніямі і віртуозамі ў кіраўніцтве, — выказвае меркаванне палітолаг.
Яшчэ адна цікавая адметнасць. Беларускія міністры ў большасці сваёй атрымлівалі адукацыю ў Беларусі. Схема прыблізна такая — спачатку мясцовы інстытут ці нават каледж, а пасля Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце. А вось амаль усе грузінскія і латвійскія міністры, асабліва маладыя, атрымлівалі навуковую ступень на Захадзе.
Да прыкладу, прэм’ер Грузіі скончыў Тбіліскі медыцынскі ўніверсітэт, пасля Тбіліскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці планаванне прамысловасці, а ступень магістра фінансаў атрымаў у Ілінойскім універсітэце ЗША.
На думку Лашы Тугушы, чыноўнікі, якія навучаліся на Захадзе, больш каштоўныя сваім досведам працы ў сусветных сістэмах (фінансавых, банкаўскіх), фондах. Іх досвед спрыяе хутчэйшай інтэграцыі краіны ў сусветную эканоміку.
А вось Аркадзь Мошэс мяркуе, што высокай эфектыўнасці можна дасягнуць і падчас навучання ў сваёй краіне, галоўнае ў правільным кірунку развіваць адукацыю. На яго думку, хоць у Беларусі і захаваны наменклатурны прынцып, беларускія чыноўнікі ў “тэхнакратычным плане” здольныя на многае.
“Яны здольныя вучыцца і развівацца. Яны зусім не падобныя на косных персанажаў з твораў Гогаля. Праблема ў тым, што задача, якая ставіцца перад гэтымі людзьмі не арыентуе іх на развіццё і рух наперад. Яна арыентуе іх на выкананне наменклатурных заданняў”, — кажа палітолаг фінскага інстытута.
Пры старых функцыянерах можна праводзіць змены ў пэўных галінах і нават мець вынікі.
Але глабальныя і сістэмныя рэформы без сур’ёзных кадравых перастановак здзейсніць будзе вельмі складана, — падводзіць вынік грузінскі палітолаг Лаша Тугушы.