Пяць сяброў дыктатара. Які лёс напаткаў палітыкаў, з якімі стасаваўся Лукашэнка
Нават дыктатарам не ўвесь час шанцуе
19 траўня прэзідэнт Ірана Ібрагім Раісі загінуў пасля крушэння верталёта. Афіцыйныя спачуванні з нагоды раптоўнай катастрофы паспеў выказаць Аляксандр Лукашэнка, у якім свецкага кіраўніка Ірана называюць “сапраўдным сябрам Беларусі”.
За сваю 30-гадовую кар’еру беларускі аўтакрат шмат каго запісваў у “сябры дзяржавы” — і далёка не ўсе з гэтых палітыкаў скончылі жыццё мірна і спакойна. Узгадваем, каму не пашанцавала гэтак жа, як і Раісі.
Садам Хусейн
У пачатку нулявых Лукашэнка падтрымліваў шчыльныя дыпламатычныя і эканамічныя стасункі з блізкаўсходнім дыктатарам: віншаваў яго з паспяховым рэферэндумам аб прадаўжэнні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў на чарговыя 7 год, запрашаў на навучанне іракскіх жаўнераў, адмываў грошы, атрыманыя Іракам у межах праграмы “Нафта ў абмен на харчаванне”.
Звяржэнне Хусейна праз паразу ў вайне з ЗША і кааліцыяй іх хаўруснікаў не астудзіла сяброўскую любоў беларускага аўтакрата, які з трыбуны 60-й Генеральнай асамблеі ААН заклікаў вызваліць яго і прэзідэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча з турмы. Але, як вядома, гэта не дапамагло — Садама павесілі, а Мілошавіч памёр у турэмнай камеры ў Гаазе.
Пасля 2020 года Лукашэнка не аднойчы згадваў Хусейна, каб паказаць, што палітыка Захада нібыта далёкая ад маральных ідэалаў. Так ён аднойчы назваў іракскага лідара адным са сваіх настаўнікаў, а ў інтэрв'ю Associated Press заявіў, што Садам Хусейн тэлефанаваў яму падчас уварвання Злучаных Штатаў у Ірак у 2003 годзе і прасіў перадаць амерыканцам, што не хоча вайны і гатовы дамаўляцца па пытаннях продажу нафты.
“Навошта вы яго павесілі”, — злаваўся Лукашэнка.
Муамар Кадафі
Як і прэзідэнта Ірана, Муамара Кадафі Лукашэнка таксама называў сваім братам. Лідар Лівіі наведаў Беларусь у 2008 годзе — на тэрыторыі рэзідэнцыі "Заслаўе" ён разбіў свой бедуінскі шацёр. Лукашэнка таксама наведваў Кадафі — лятаў у Трыпалі ў 2000 годзе.
Падчас грамадзянскай вайны, якая распачалася ў Лівіі 2011 годзе, ён расказваў, што таемна размаўляў з кіраўніком Арабскай Джамахірыі.
“Што ў цябе там адбываецца — ад цябе людзі бягуць, дыпламаты? Спадар прэзідэнт, вы не тое тэлебачанне глядзіце”, — прыгадваў Лукашэнка тыя размовы.
Восенню 2011 года ўрад Кадафі быў зрынуты, а ён сам адступіў у Сірт, дзе быў схоплены і забіты баевікамі Нацыянальнага пераходнага савета.
У 2015 годзе Лукашэнка зноў абураўся на трыбуне ў ААН: “Распялі прэзідэнта Кадафі, знішчыўшы дзяржаву. У Лівіі стала лепш? Не. І дзе гэтая Лівія ўвогуле як цэласная дзяржава?”
Уга Чавес
Адносіны прэзідэнтаў Венесуэлы і Беларусі былі сапраўды яскравымі. Чавес і Лукашэнка не аднойчы наведвалі адзін аднаго, абдымаліся на публіцы і гаварылі аб моцным сяброўстве. “Сябра” Уга бегаў з аўтаматам на "Лініі Сталіна", Лукашэнка забяспечваў беларускім прадпрыемствам кантракты на нафту ў Каракасе і пастаўляў цяжкую тэхніку.
Усё нечакана скончылася ў сакавіку 2013 года, калі Уга Чавес памёр ад раку падчас чацвёртага прэзідэнцкага тэрміна. Лукашэнка прыляцеў на пахаванне сябра і не змог стрымаць слёз. Паказушная эмацыйнасць, тым часам, не прымусіла беларускага аўтакрата расплаціцца па дзяржаўных даўгах — Беларусь да гэтага часу не аддала Венесуэле каля 1,5 млрд долараў за набытую 11 гадоў таму нафту.
Роберт Мугабэ
У нефармальным спаборніцтве “хто болей перасядзіць ва ўладным крэсле” паміж Лукашэнка і Мугабе перамогу ўсё ж атрымаў першы. Зрэшты, звязвалі іх не толькі любоў да ўлады, але і эканамічныя інтарэсы. Блізкі да Лукашэнкі чыноўнік Віктар Шэйман з прэзідэнтам Зімбабве наладжваў шмат пытанняў у вобласці будаўніцтва транспартнай інфраструктуры, навучання персаналу, здабычы карысных выкапняў і паставак абсталявання і тэхнікі для сельскай гаспадаркі і прамысловасці.
У лістападзе 2017 года 93-гадовы Роберт Мугабэ года ў выніку ваеннага перавароту пазбавіўся улады, трапіў пад хатні арышт, а праз два гады памёр у сінгапурскай эміграцыі.
Лукашэнка назваў зімбабвійскага дыктатара чалавекам, які “ўнёс неацэнны ўклад у здабыццё незалежнасці і ўмацаванне зімбабвійскай дзяржавы” — і працягнуў стасункі з Эмерсанам Мнангагвам, які зрынуў Мугабэ.
Фідэль Кастра
У 2000 годзе лідар кубінскай рэвалюцыі і Лукашэнка правялі сустрэчу. Кастра тады назваў Беларусь самай прыязнай з постсавецкіх краін і ўручыў Лукашэнку ордэн Хасэ Марці, адну з вышэйшых узнагарод Кубы.
Аднак эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзвюма беднымі краінамі так і не развілася, кубінска-беларускае сяброўства заставалася на ўзроўні слоў.
Калі восенню 2016 года Фідэль памёр, Лукашэнка выказаў спачуванні яго брату Раулю, адзначыўшы, што свет страціў вялікага мысляра, якому няма замены. Тым не менш, на пахаванне на Кубу ён не паляцеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.