The Guardian: Пуцін плануе ўварванне?
10 жніўня ФСБ заяўляе пра ліквідацыю агентурнай сеткі ўкраінскай выведкі ў Крыме. Адразу пасля гэтага кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін паведамляе, што для захавання бяспекі будуць прынятыя дадатковыя меры, а таксама ўскладае на ўкраінскія спецслужбы адказнасць за забойства ў Крыме двух расійскіх сілавікоў, заявіўшы пры гэтым, што ўлады Украіны “перайшлі да практыкі тэрору”.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, адрэагаваўшы на гэтую заяву, назваў абвінавачванні ў тэрарызме на тэрыторыі акупаванага Крыма гэткімі ж бессэнсоўнымі і цынічнымі, як заявы расійскага кіраўніцтва пра адсутнасць расійскіх войскаў на Данбасе.
“Гэтыя фантазіі — толькі падстава для чарговых ваенных пагрозаў у адрас Украіны. Украіна рашуча асуджае тэрарызм ва ўсіх яго праявах і формах і, адпаведна, адхіляе практыку выкарыстання любых тэрарыстычных мераў для дэакупацыі Крыма”, — цытуе кіраўніка Украіны яго прэс-служба.
Парашэнка падкрэслівае, што Украіна будзе дамагацца аднаўлення сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту, уключаючы спыненне акупацыі Крыма, выключна палітычна-дыпламатычнымі сродкамі.
Рэакцыя палітыкаў па ўсім свеце не прымусіла сябе чакаць. Амерыканскі пасол у Кіеве Джэфры Пает сцвярджае, што ўрад ЗША не бачыць ніякіх пацверджанняў абвінавачванняў Расіі ў бок Украіны аб уварванні ў Крым.
“Гэта не першае ілжывае абвінавачанне Расіі ў адрас Украіны, якое заклікае адцягнуць увагу ад уласных супрацьпраўных дзеянняў. Наша пазіцыя па статусе Крыма добра вядомая. Крым ёсць і заўсёды будзе заставацца часткай Украіны. Cанкцыі, звязаныя з акупацыяй Крыма, будуць у сіле, пакуль Расія не верне паўвостраў Украіне”, — піша ў сваім твітары дыпламат.
3/5 Our view on Crimea’s status is well known. Crimea is, and will always remain, part of Ukraine.
— Geoffrey Pyatt (@GeoffPyatt) August 11, 2016
Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус кажа, што расійскія абвінавачванні нагадваюць метады КДБ, калі ахвяру абвінавачвалі ў нечуваных рэчах, каб знайсці падставу нападзення на яе.
“Такія падзеі непакояць, таму што гэтая мадэль ужываецца не ўпершыню, калі абвінавачваюць у правакацыі з мэтай абгрунтаваць нібыта будучую рэакцыю. Можна чакаць нейкай падзеі, мы мусім пільна сачыць і даць ацэнку таму, што такія метады паўтараюцца дзесяцігоддзямі”, — цытуе кіраўніка літоўскага МЗС DELFI.
На старонках брытанскага выдання The Guardian аналітык Люк Хардынг задаецца пытаннем: “Ці задумвае Расія ў Крыме нешта значнае”?
На яго думку, сітуацыя ў Крыме выглядае пагрозлівай.
“Гэта наводзіць на падазрэнні, агучаныя ўчора Карлам Більтам, былым прэм’ерам Швецыі і іншымі, пра тое, што Расія, імаверна, гатовая ўварвацца ізноў”, — піша Хардынг і звяртае ўвагу на тое, што папярэднія ўварванні Расіі заўсёды супадалі з Алімпійскімі гульнямі, як гэта было ў Грузіі пасля Пекінскай Алімпіяды 2008 года ці ва Украіне ў 2014 годзе — пасля Зімовых гульняў у Сочы.
На думку Хардынга, падзеі ў Крыме могуць развівацца далей па трох сцэнарыях. Першы: Крэмль паспрабуе выкарыстаць цяперашні крызіс вакол Крыма, каб пераканаць краіны ЕС зняць з Расіі санкцыі.
“Другі сцэнар — Пуцін рыхтуе абмежаванае вайсковае ўварванне, магчыма, каб усталяваць “калідор бяспекі”, куды магла б увайсці электрастанцыя ў размешчаным побач украінскім горадзе Херсон”, — піша аналітык на старонках выдання.
Трэці імаверны сцэнар па версіі аналітыка — “Пуцін плануе нешта большае”.