Хлопец, які размаляваў зорку на маскоўскім гмаху, пайшоў ваяваць на Данбас
Руфер знаходзіцца ў вышуку ў Расіі — яго вінавацяць у вандалізме.
Украінскі руфер па мянушцы Mustang, які летам мінулага года расфарбаваў у колеры ўкраінскага сцяга зорку высоткі на Кацельніцкай набярэжнай у Маскве, пайшоў добраахвотнікам на Данбас. Хлопец цяпер знаходзіцца пад Марыупалем у населеным пункце Шырокіна. Нягледзячы на фармальна дасягнутае перамір’е, там працягваюцца баі паміж украінскімі вайскоўцамі і сепаратыстамі.
Руфер у званні шарагоўца далучыўся да палка “Азоў”, а раней некалькі дзён быў абаронцам Данецкага аэрапорта. Спачатку ён толькі вазіў гуманітарную дапамогу ў зону АТА, але калі трапіў пад абстрэл каля аэрапорта, то зразумеў, што павінен тут застацца.
У жніўні 2014 года малады чалавек наведаў Маскву і пафарбаваў зорку на высотным будынку ў колеры ўкраінскага сцяга, у чым сам і прызнаўся. У Расіі яго абвясцілі ў міжнародны вышук — яго вінавацяць у вандалізме, але ўкраінскія ўлады не сталі выдаваць Mustanga.
Па гэтай справе таксама праходзяць яшчэ пяць чалавек. Сам руфер сцвярджае, што яны не вінаватыя. Чатырох чалавек ён нават не ведае, паведамляе newsru.com.
Фота: Фэйсбук