Інтэграцыя з РФ і 18 мільёнаў турыстаў. Якой улады бачаць Беларусь у 2040 годзе?
Якіх паказчыкаў плануе дасягнуць рэжым?
Міністэрства эканомікі апублікавала прапановы да праекта канцэпцыі стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі да 2040 года.
"Рэспубліка Беларусь — паспяховая, самадастатковая, суверэнная дзяржава з развітай, канкурэнтаздольнай эканомікай. Гэта краіна, дзе створанае ўнікальнае асяроддзе для жыцця, працы і адпачынку" — пішуць аўтары публікацыі.
Яны сцвярджаюць, што "Беларусь сёння — гэта краіна, дзе чалавек — галоўная каштоўнасць, што Беларусь — краіна магчымасцяў для самарэалізацыі і што Беларусь — краіна з камфортным асяроддзем для жыцця".
Дык чаго ж хоча дамагчыся рэжым Лукашэнкі да пачатку 2040 года?
"Стратэгічнай мэтай доўгатэрміновага развіцця Беларусі з'яўляецца рост якасці жыцця насельніцтва на аснове дасягнення высокай устойлівасці нацыянальнай эканомікі з дапамогай развіцця чалавечага і навукова-тэхналагічнага патэнцыялаў, лічбавай індустрыі, стварэння рынкавых інстытутаў канкурэнтнага асяроддзя".
Стратэгія развіцця ў доўгатэрміновай перспектыве, па словах аўтараў, будзе нацэленая на сацыяльную ўстойлівасць, эканоміку і экалогію.
Да 2040 года плануецца павелічэнне чаканай працягласці жыцця да 74 гадоў, рост ВУП у 2 разы, павелічэнне да 2040 года долі валавога дабаўленага кошту сектара ІКТ у валавым унутраным прадукце — да 10-15 працэнтаў, а таксама зніжэнне ўзроўню выкідаў парніковых газаў у год на 40 працэнтаў ад узроўню 1990 года.
Акрамя гэтага, плануецца зрабіць ахову здароўя яшчэ больш даступнай, удасканаліць сістэму адукацыі і, як ні дзіўна, захаваць і развіваць беларускую культуру і традыцыі як асновы нацыянальнай самасвядомасці.
Таксама аўтары публікацыі адзначаюць, што Беларусь будзе імкнуцца да зніжэння ўзроўню беспрацоўя і росту даходаў насельніцтва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.