Іосуб: Адзінае, што здзівіла ― гэта нечаканасць прыняцця рашэння Нацбанкам

Іосуб: Адзінае, што здзівіла ― гэта нечаканасць прыняцця рашэння Нацбанкам

Увечары 28 кастрычніка Нацыянальны банк Беларусі змяшчае на сваім сайце навіну "Аб зменах з 1 лістапада вагаў замежных валют у кошце кошыка замежных валют". З наступнага месяца кошт кошыка будзе вызначацца на 50% коштам расійскага рубля, на 30% ― долара і на 20% ― еўра. Дагэтуль было 40%, 30% і 30% адпаведна.

Чаго чакаць простым людзям? Старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб тлумачыць у каментары Еўрарадыё, што баяцца і панікаваць не варта.

"Самае важнае, што для беларусаў і беларускіх прадпрыемстваў — гэта амаль нічога не значыць. Змена формулы разліку кошыка валют ніяк не ўплывае на дынаміку асобных валют. Яна складваецца з попыту і прапановы. І якой бы не была формула кошыка, яна не ўплывае на курсы асобных валют", ― гаворыць эксперт.

Вадзім Іосуб дадае, што беларускі валютны кошык ― не ўнікальнае беларускае вынаходніцтва. Гэта даволі пашыраная сусветная практыка. Эксперт таксама лічыць, што дзеянні Нацбанка ў гэтым выпадку апраўданыя.

Іосуб: "Калі структура кошыка валют адрозніваецца ад структуры знешняга гандлю, то яна губляе сэнс. Таму гэтае рашэнне апраўдана... Адзінае, што здзівіла ― гэта нечаканасць прыняцця рашэння. Ніхто гэтага не чакаў. Як мне падаецца, мае сэнс неяк гэта фармалізаваць. Напрыклад, разглядаць гэтае пытанне раз на год. На рэгулярнай аснове, каб не нерваваць людзей нечаканымі рашэннямі".

Вадзім Іосуб таксама мяркуе, што пятнічныя навіны ад Нацбанка могуць выклікаць панічную хвалю сярод асобных каментатараў. Але звяртаць на гэта ўвагу не варта, кажа эксперт:

"Я не выключаю панічную рэакцыю асобных каментатараў. Не здзівяць каментары накшталт таго, што трэба чакаць дэвальвацыі, большай прывязанасці да Расіі. Але з маёй кропкі гледжання ніякіх панічных высноваў рабіць не варта".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі