Долар і цэны пачнуць расці хутчэй: змаганне за ВУП становіцца ўсё даражэйшым
Прэм’ер Раман Галоўчанка казаў, што беларусам давядзецца перажыць багацце, але не падобна, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшы час / grodno-oblprofbud.by
Ёсць вялікая рызыка, што беларускі рубель пачне больш хутка падаць да долара і еўра. Гэта звязана з жаданнем уладаў выканаць паказчык па росце ВУП і з праблемамі Расіі.
Пра гэта расказала старшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна. Еўрарадыё даведалася, як гэта адаб’ецца на беларусах і ў чым лепей захоўваць грошы.
Праблемы ад Расіі
Ёсць некалькі фактараў, якія могуць уздзейнічаць на курс беларускага рубля. Гэта тое, што адбываецца на расійскім валютным рынку, другі фактар — стан знешняга гандля Беларусі. І трэці важны момант — унутраная эканамічная палітыка Беларусі. З усіх бакоў ёсць праблемы.
Беларускі рубель у значнай ступені паўтарае траекторыю расійскага. А ён з чэрвеня падаў да долара. Улады Расіі спрабуюць забяспечыць стабільную дынаміку курса, але прычына ўсё большага зніжэння нікуды не знікае — гэта падзенне прыбыткаў ад знешняга гандлю Расіі.
Амбіцыйныя планы ўрада за кошт гаманцоў людзей
Іншыя рызыкі для беларускага рубля звязаныя тым, як улады кіруюць эканомікай.
— Гэта рызыкі захавання мяккай грашова-крэдытнай палітыкі, стымуляванне праз фіскальную палітыку, працяг апераджальнага росту рэальных заробкаў. Калі мы паглядзім на прадукцыйнасць працы ў Беларусі і рост рэальных заробкаў, то заробкі апярэджваюць рост прадукцыйнасці. Гэта стварае дадатковыя выдаткі для кампаній і рызыкі для інфляцыі. Зноў-ткі рызыка, што будзе праводзіцца такая мяккая палітыка, вынікае з амбіцыйных планаў урада — дасягненне тэпмаў роста ВУП на ўзроўні 3,8 працэнтаў, — працягвае Анастасія Лузгіна.
Відавочна, беларусы не могуць паўплываць на развіццё расійскай эканомікі і дзеянні беларускіх уладаў. А што людзі могуць зрабіць, каб захаваць свае ўласныя грошы?
— Цяпер у Беларусі не так шмат інструментаў для зберажэнняў, для інвестыцый у прынцыпе. І тут важна, для чаго чалавек робіць назапашванні. Калі яму трэба выдаткаваць потым гэтыя рэсурсы дзесьці за мяжой, вядома, лепш фармаваць у той валюце, якую ён збіраецца траціць. Калі такой задачы няма, тут пытанне розных варыянтаў валют. Таму што могуць быць змены не толькі беларускага рубля да замежных валют, але і змены той жа пары еўра/долар. Таму самы аптымальны спосаб — гэта дыверсіфікацыя [укладанні ў розныя валюты].
Што тычыцца дэпазітаў у банках, трэба разумець, што цяпер гэта досыць малапрыбытковыя інструменты. Тут ужо людзі глядзяць на суадносіны рызык і ставак, якія прапануюць банкі. Напрыклад, па тых жа замежных валютах не толькі нізкія стаўкі, але часцяком уводзяць яшчэ і камісіі. Банкі не хочуць, каб грошы ў замежнай валюце неслі і захоўвалі ў іх, — заключае Анастасія Лузгіна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.