Іосуб: Захоўваць грошы ў адпаведнасці з валютным кошыкам Нацбанка не варта
1 лістапада ў Беларусі ў кошыку валют расійскі рубль будзе важыць больш (у адпаведнасці з рашэннем Нацбанка, замест ранейшых 40% будзе 50%). Што гэта азначае і як гэта паўплывае на наш рубель, у каментары Еўрарадыё тлумачыць старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб.
Іосуб: "Павелічэнне расійскага рубля ў кошыку валют не закране беларусаў і змесціва іх кашалькоў, ніяк не паўплывае на прадпрыемствы імпарцёраў і экспарцёраў. Проста мяняецца формула. Сэнс валютнага кошыка вельмі просты: пасля таго, як прайшлі таргі, даць адказ на пытанне, што сёння адбылося з рублём. Можна, напрыклад, сказаць, што сёння рубель умацаваўся да долара, але ўпаў да расійскага рубля, аднак не зразумела, што адбылося з рублём. Таму ёсць паняцце "валютны кошык". Калі ён вырас, значыць, беларускі рубель патаннеў. І наадварот.
Для Беларусі прыблізна 50% знешняга гандлю прыходзіцца на Расію, прычым, гэтая доля ў апошнія гады не вельмі мяняецца. Лагічна, што прынялі рашэнне наблізіць долі валют, якія ўваходзяць у гэты кошык, да адпаведнага месца той ці іншай краіны, той ці іншай валюты ў знешнім гандлі Беларусі.
Глядзець на валютны кошык Нацбанка і захоўваць грошы ў адпаведнасці з ім беларусам ні ў якім разе не варта. Бо гэты кошык утвараецца не з прынцыпу надзейнасці. Гэта проста канстатацыя факту, што Расія — наш асноўны гандлёвы партнёр.
Цяпер беларускі рубель не прывязаны ні да якой валюты. Кошык — гэта індыкатар, тое, што разлічваецца, сыходзячы з фактычных дадзеных, з курсаў валют, але сам вынік гэтага разліку на курсы валют не ўплывае. Ужо некалькі гадоў Беларусь разлічваецца з Расіяй за энерганосьбіты пераважна расійскімі рублямі. Хутчэй за ўсё, і сваю пазыку за газ мы будзем выплочваць па курсу расійскімі рублямі".