Кандыдата ў КР ад "Народнай Грамады" выкраслілі, бо знайшлі ягоны данос

Данос, ілюстрацыйны малюнак

Данос, ілюстрацыйны малюнак / gazeta.ru

Партыя "Народная Грамада" (яе лідар — палітвязень Мікалай Статкевіч) выключыла аднаго з сваіх чальцоў са спісу на выбары ў Каардынацыйную Раду. Як паведамляецца ў тг-канале партыі, Павел Бялюцін фігуруе як аўтар даносу ў базе зваротаў у КДБ, апублікаванай "Кібер-партызанамі".

Уначы 30 красавіка партыя атрымала інфармацыю, што яе актывіст Павел Бялюцін фігуруе ў непрыгляднай ролі ў базе даносаў. Таму партыя вырашыла прыпыніць яго сяброўства і выключыць яго імя са спісу кандыдатаў у КР ад аб'яднання беларускіх партый Народная Грамада і Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя "Салідарнасць".

У базе знаходзіцца такое паведамленне за імем Бялюціна ад 31 студзеня 2017 года:

"Добры дзень. У мяне ёсць некаторыя падставы меркаваць, што грамадзянін РБ Аўтуховіч Мікалай Мікалаевіч прадумвае і пачынае ажыццяўляць падрыхтоўку да спробы ўзброенага захопу ўлады ў нашай рэспубліцы. Пра спробу даведаўся са слоў гр. Аўтуховіча М.М.".

Мікалай Аўтуховіч быў затрыманы на пачатку снежня 2020 года. Яго асудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі і аштрафавалі на 1000 базавых велічыняў. Аўтуховіча вінавацілі па 10 артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў стварэнні злачыннай групоўкі і акце тэрарызму. Ён не прызнаў віну, падчас працэсу трымаў галадоўку пратэсту. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі