Кандыдатам у дэпутаты не зарэгістравалі — знайшлі кватэру, якая яму не належыць
Памылку ў дэкларацыі актывіста Руху “За свабоду” Мікіты Семяненкі знайшлі сябры ўчастковай выбарчай камісіі — не ўказаў кватэру ў Мінску, якая яму нібыта належыць. І на гэтай падставе адмовілі яму ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты Мінгарсавета. Спробы патлумачыць, што гэта памылка супрацоўнікаў Зямельнага кадастру, поспеху не мелі, кажа Мікіта Семяненка.
Семяненка: “Яны сказалі, што мае прэтэнзіі не па адрасе: яны даслалі запыт, а ім у адказ паведамілі, што ў мяне ёсць кватэра. Зараз я пайду ў Зямельны кадастр і як мінімум хачу ад іх атрымаць прабачэнні за дапушчаную памылку, а як максімум — кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры адной базавай мне і ўладальніцы кватэры. Бо яна здзівілася і палічыла, што кватэра належыць не ёй, а мне, калі кадастр так кажа”.
Адразу пасля сустрэчы з сябрамі выбарчай камісіі Мікіта Семяненка накіраваўся ў кватэру, якую яму прыпісаў Зямельны кадастр, і ўзяў у гаспадароў дакументы, якія даказваюць, каму на самай справе належыць кватэра. Наступным крокам будзе абскарджанне рашэння ўчастковай камісіі і гарадской выбарчай камісіі.
18 студзеня ў 16.00 Мікіта Семяненка будзе госцем жывога эфіру Еўрарадыё. Разам з ім удзел у размове возьме актывіст кампаніі “Гавары праўду” Юры Вадзяніцкі, якому таксама адмовілі ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты.
На фота Мікіта Семяненка і гаспадыня кватэры, якую Зямельны кадастр яму прыпісаў. Фота з Фэйсбука Мікіты Семяненкі