КДБ пацікавіўся спартовымі трэніроўкамі гурта BRUTTO

Мінскім фітнэс-клубам, дзе трэніруецца Сяргей Міхалок і іншыя ўдзельнікі гурта BRUTTO, зацікавіліся супрацоўнікі КДБ. Пра гэта паведамляе прэс-служба гурта.

Паводле прадстаўнікоў фітнэс-клуба, ужо некалькі разоў за апошні тыдзень да іх наведаліся спецслужбы і наўпрост казалі, што цікавяцца Міхалком. Яны пыталіся, ці ёсць у Міхалка ахова, па якіх днях праходзяць заняткі, хто з ім трэніруецца і якія метады трэніровак практыкуюцца.

Таксама супрацоўнікі КДБ пыталіся, ці можна прыйсці і паназіраць за трэніроўкай. Некалькі разоў яны падрэкслівалі, што размова носіць канфідэнцыйны характар. У фітнэс-клубе не сталі дзяліцца інфармацыяй пра сваіх кліентаў у прыватных размовах.

Гурт BRUTTO адзначае, што прычына такой цікаўнасці выклікае пытанні: “Мы не выключаем, што афіцэры цікавяцца працэсам трэніровак з асабістых меркаванняў, хочуць выведаць сістэму заняткаў, каб выглядаць гэтак жа прыгожа і спартова. Ніякага сакрэту тут няма: рэгулярная фізічная нагрузка, крос-фіт, прабежкі і бокс.

Удзельнікі калектыву асобна падкрэсліваюць, што BRUTTO — гэта музычны гурт і творчае аб’яднанне, а не хуліганская групоўка. “Мы прапагандуем у сваіх песнях сяброўства, працу, спорт, актыўную жыццёвую пазіцыю і іншыя агульначалавечыя каштоўнасці”, — цытуе паведамленне гурта belaruspartisan.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі