ХАМАС вёў шматгадовую кампанію падману Ізраіля — Reuters
Ішла актыўная падрыхтоўка груп баевікоў, часта ва ўсіх навідавоку
ХАМАС вёў шматгадовую кампанію падману Ізраіля, каб заспець яго знянацку. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцу, блізкую да тэрарыстычнай арганізацыі. ХАМАС зрабіў усё магчымае, каб у Тэль-Авіве думалі, што ён не жадае ўзброенага канфлікту і што яго можна супакоіць эканамічнымі стымуламі (напрыклад, доступам да працоўных месцаў за мяжой) для падтрымання адноснага спакою.
Асабліва актыўна згаданая кампанія вялася ў апошнія месяцы. "ХАМАС стварыў у Ізраіля ўражанне, што ён не гатовы да бою", — паведаміла крыніца агенцтву. А тым часам ішла актыўная падрыхтоўка груп баевікоў, часта ва ўсіх навідавоку. У рамках сваёй падрыхтоўкі ХАМАС нават пабудаваў макет ізраільскага паселішча для навучання.
Крыніца ў ізраільскіх службах бяспекі пацвердзіла Reuters гэтую інфармацыю.
Напад ХАМАС з сектара Газа на Ізраіль 7 кастрычніка лічыцца найгоршым правалам у абароне краіны за апошнія 50 гадоў. З таго часу ахвярамі тэрарыстаў сталі больш за 800 чалавек, больш за 2 тысячы параненыя.
Ізраіль працягвае наносіць удары па аб'ектах ХАМАС у сектары Газа. Чакаецца, што ў найбліжэйшыя дні там пачнецца наземная аперацыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.