Kosmodromm “Будет ласковый дождь...”

У засіллі гітарнай музыкі, якой хварэе большасць беларускіх музыкаў, дэбютная праца сінт-поп-праекту Kosmodromm “Будет ласковый дождь...” успрымаецца глытком цёплага глітвейну з карыцай сярод зімовай непагадзі. І няважна, што глінтвейн гаркаваты, што сам па сабе сінт-поп – халодны, і што канцэпцыя альбома вяртае нас у трагічны 1986 год і прымушае ўспомніць чарнобыльскі жах. Праўда, музыкі праекту Эйдэн Дарк і D_Emsi нагадваюць пра Чарнобыль ужо з пазіцыі новага пакалення, адсюль унутраны рамантызм падачы тэмы і падсвядомая аддаленасць ад яе. Нібыта Эйдэн Дарк і D_Emsi – жыхары іншай планеты, якія з вышыні назіраюць за тым, што пакінуў пасля сябе Чарнобыль. І таму ім, як нікому, добра відаць і “Атомную пыль” і “Звезду Полынь” і тое, што адбываецца “На высоте номер семь”.

Слухаючы альбом Kosmodromm’а пачынаеш згаджацца, што сінт-поп – слушны стыль для перадачы “чарнобыльскай былі”. Да таго ж музыкі адмыслова звяртаюцца да класічнага сінт-попу, што расцвёў у тых ж 80-х. Тут усё згодна з законам жанру – архаічныя сінтэзатары, павольнасць і размеранасць апавядання, эстрадны і аксамітны вакал, сацыяльна-навуковая накіраванасць тэмы. Адзінае, кампазіцыі альбома маюць налёт сімфанізму, што, як сцвярджаюць некаторыя знаўцы сінт-попу, вынікае з кансерваторскай адукацыі ўдзельнікаў праекту, і што некалькі парушае саму ідэю сінт-попу. Напрыклад, удзельнік старэйшага беларускага сінт-поп гурта “Logika Metro” Сяргей Diacoustic сцвярджае, што “увесь шарм стылю ў дылетантызме і ў спробе яго пераадольвання”.

 

 

Тым не менш, “Будет ласковый дождь...” – атмасферная праца, з грунтоўным падыходам і ідэяй, выкананая з дапамогай дарагіх інструментаў. У апошняй песні альбома, пасля вандроўкі па-над Чарнобылем, гучыць абяцанне таго, што “И настанет весёлое утро”. Як класічнае “святло ў канцы тунелю”. І тут хочацца, каб музыкі раптам выключылі сінтэзатары і кампы, узялі ў рукі ўкулеле і трубу і зайгралі вясёлыя беларускія мелодыі. Хочацца, каб “настало весёлое утро” не ў свеце жалеза і індастрыэла, а ў свеце жывым, дзе спяваюць птушкі і дзеці гуляюць у пясочніцы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі