Латвія абвінавачвае беларуса ў шпіянажы: падрабязнасці справы
Латвійскія спецыялісты прыйшлі да высновы, што затрыманы быў завербаваны і прайшоў навучанне шпіянажу ў Беларусі / pixabay
Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі папрасіла пракуратуру завесці крымінальную справу на грамадзяніна Беларусі паводле падазрэння ў шпіянажы. Імя падазраванага не называецца. Яго затрымалі сёлета яшчэ ў лютым, піша латвійскае выданне LSM.
Паведамляецца, што падазраваны фатаграфаваў і здымаў на відэа аб'екты сістэмы абароны Латвіі і важныя аб'екты цывільнай інфраструктуры. Заданні яму паступалі ад беларускай ваеннай выведкі, мяркуюць у службе бяспекі.
Падчас расследавання высветлілася, што затрыманы перадаў інфармацыю як мінімум пра 17 аб'ектаў Латвіі. Інфармацыя пра гэтыя аб'екты можа быць карыснай як беларускім уладам, так і расійскім у выпадку ўзброенага канфлікту з NATO, кажуць у службе бяспекі. Атрыманую беларусам інфармацыю можна выкарыстоўваць пры планаванні дыверсій і атакаў на ваенныя аб'екты або крытычную інфраструктуру краіны.
У рамках расследавання латвійскія спецыялісты прыйшлі да высновы, што затрыманы быў завербаваны і прайшоў навучанне шпіянажу ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.