Контрразведка Латвіі сказала, ці зможа РБ удзельнічаць у вайне супраць Украіны

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка / ria.ru

Малаверагодна, што Беларусь у агляднай будучыні прыме ўдзел у расійскай вайне супраць Украіны. Да такіх высноваў прыйшлі ў Бюро абароны Канстытуцыі Латвіі, піша Delfi.

У ведамстве мяркуюць, што такі ўдзел можа істотна падарваць унутрыпалітычную стабільнасць краіны і пазіцыі Лукашэнкі. Пры гэтым падкрэсліваецца, што ў грамадстве існуе моцнае непрыманне прамога ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях.

Разам з тым, супраца Лукашэнкі з Крамлём гарантуе ягоныя паўнамоцтвы, дазваляе ўтрымліваць уладу і забяспечваць стабільнасць свайго рэжыму. Але ў ведамстве лічаць, што Лукашэнка ўсведамляе, што такая падтрымка ставіць пад пагрозу яго здольнасць і надалей кіраваць краінай. Таму ён усё мацней зацікаўлены ў тым, каб зменшыць ізаляцыю краіны ад Захаду, каб ураўнаважыць расійскі ўплыў.

У дакладзе Бюро абароны Канстытуцыі Латвіі прыйшлі да высновы, што рэжым Лукашэнкі "застаецца стабільным", што паказалі выбары ў 2024 і 2025 гадах. Дасягаецца гэта пераважна за кошт рэпрэсій і абмежавання свабоды слова. Пры гэтым павялічваецца расійскі ўплыў і залежнасць Беларусі ад Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.