Літва дапаможа Украіне аднавіць помнік Канстанціну Астрожскаму
Урад Літвы вырашыў афіцыйна дапамагчы Украіне ў аднаўленні надмагільнага помніка Вялікаму гетману Літоўскаму, палкаводцу Канстанціну Астрожскаму, паведамляе ru.delfi.lt.
На пасяджэнні ў сераду ўрад Літвы вырашыў вылучыць на гэтыя мэты ў 2017 годзе да 44 тысяч еўра. Віцэ-міністр замежных спраў Нерыс Германас заявіў, што ёсць дамова і пра падтрымку праекта ў будучыні. Па яго словах, рэалізаваць праект плануецца да 2020 года.
Найбольшую славу Канстанціну Астрожскаму прынесла бітва 8 верасня 1514 года пад Оршай. Тады войска Вялікага княства Літоўскага перамагло амаль утрая большую армію Маскоўскага княства. Гэтая перамога, як адзначаюць гісторыкі, прынесла нашым землям амаль 40 гадоў мірнага жыцця.
У Беларусі 500-годдзе Аршанскай бітвы ў 2014 годзе афіцыйна не адзначалася, аднак Нацбанк выпусціў памятную манету ў гонар Канстанціна Астрожскага.
Князь Астрожскі пахаваны ў манастырскім комплексе ў Кіеве. Помнік, пабудаваны ў яго гонар, быў разбураны. Новы помнік плануецца збудаваць на месцы ранейшага.