Літва пагражае выйсці з Інтэрпола, калі яго кіраўніком стане расіянін
Літва выступае супраць таго, каб кіраўніком міжнароднай арганізацыі паліцыі — Інтэрпола стаў прадстаўнік Расіі Аляксандр Пракапчук. Пра гэта ў аўторак заявіла літоўскае Міністэрства ўнутраных спраў, перадае ru.delfi.lt.
Выбары кіраўніка Інтэрпола прызначаныя на сераду. Міністр унутраных спраў Літвы Эймуціс Місюнас лічыць, што ў выпадку перамогі расіяніна на выбарах "Інтэрпол стане палітызаваным інструментам рэжымнай расправы".
Парламент Літвы заявіў, што пры перамозе на выбарах прадстаўніка Расіі краіна будзе вымушаная разгледзець магчымасць выхаду з Інтэрпола. За гэтую рэзалюцыю прагаласавалі 88 дэпутатаў сейма, супраць не было ніводнага голасу, сем устрымаліся. На думку літоўскіх дэпутатаў, Расія пастаянна злоўжывае сыстэмай Інтэрпола і карыстаецца ёю як інструментам палітычнага ціску і пераследу. Выбары кандыдата ад такой краіны нанясе велізарны ўдар па рэпутацыі і прававым нейтралітэце Інтэрпола, упэўненыя ў сейме Літвы.
Пракапчук — адзін з двух кандыдатаў на пасаду кіраўніка Інтэрпола. Канкурэнцыю яму складае дарадца прэзідэнта Інтэрпола Кім Чонгчанг з Паўднёвай Карэі, які раней займаў пасаду старшага віцэ-прэзідэнта.
Папярэдні кіраўнік Інтэрпола Менг Хангвей сышоў у адстаўку ў кастрычніку пасля арышту ў Кітаі па падазрэнні ў карупцыі.