Лукашэнка: Аўтарытэт настаўніка — залог паспяховай дзяржавы
Аляксандар Лукашэнка павіншаваў беларускіх педагогаў з Днём настаўніка, які сёлета прыпадае на 6 кастрычніка.
“Ваша вялікая праца патрабуе поўнай самааддачы, высакароднасці душы, цярпення і бязмежнай любові да дзяцей”, — гаворыцца ў тэксце віншавання, апублікаваным на сайце прэс-службы прэзідэнта.
“Мы жывем у дынамічны час: развіваецца навука, удасканальваюцца методыкі, абнаўляецца змест адукацыі. Аднак нават самыя сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ніколі не заменяць жывых зносінаў з настаўнікам”, — падкрэслівае Лукашэнка.
Кіраўнік краіны адзначае, што настаўнікі вызначаюць “заўтрашні дзень краіны” і выхоўваюць са сваіх вучняў “сапраўдных патрыётаў — грамадзянаў нашай Айчызны”.
“Перакананы, што аўтарытэт і высокі статус настаўніка ў грамадстве — залог паспяховай будучыні дзяржавы”, — сказана ў віншаванні.