Лукашэнка падпісаў указ пра арэнднае жытло для сілавікоў

Лукашэнка падпісаў указ пра жыллё для сілавікоў / pixabay.com
Лукашэнка падпісаў указ пра жыллё для сілавікоў / pixabay.com

13 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб арэндным жыллі для вайскоўцаў". Гэты дакумент вызначае парадак і ўмовы перадачы арэнднага жылля ва ўласнасць вайскоўцам, перадае яго прэс-служба. Вайскоўцамі ва ўказе лічапцца ўсе сілавікі, акрамя мытнікаў.

Згодна з дакументам, сілавікі могуць бясплатна атрымаць арэнднае жытло ва ўласнасць пасля 25 каляндарных гадоў выслугі.

Калі выслуга будзе складаць 20 каляндарных гадоў, жыллё будзе перадавацца на платнай аснове. Але аплаціць можна ў растэрміноўку да 15 гадоў.

Таксама сілавікі і чальцы іх сем'яў атрымліваюць дадатковыя сацыяльна-прававыя гарантыі.

Сілавікі, якія былі звольненыя ў запас пасля 20 гадоў службы, але не хочуць набываць арэнднае жыллё ва ўласнасць, маюць права карыстацца ім, падаўжаючы дамову найму, пакуль не палепшаць свае жыллёвыя ўмовы.

Чальцы сям'і вайскоўца, які загінуў у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, атрымаюць арэнднае жыллё ва ўласнасць бясплатна — незалежна ад выслугі гадоў. А чальцы сям'і вайскоўца, які памёр падчас службы па іншых прычынах, маюць права карыстацца арэндным жытлом на ранейшых умовах, пакуль не палепшаць свае жыллёвыя ўмовы.

Указ набывае моц праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі