Лукашэнка пра “чорныя спісы” музыкаў: Давайце зрушым гэта з мёртвай кропкі

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што з “забароненымі” беларускімі музыкамі не варта абыходзіцца занадта жорстка. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з журналістамі Еўрарадыё, Радыё Свабода і партала  TUT.BY.

“Вы ж мне ўжо казалі пра “чорны спіс” на мінулых прэс-канферэнцыях. Я цікавіўся: афіцыйнага спісу сапраўды такога няма. Але я яшчэ раз пагляджу на гэта. Ну, давайце Давыдзьку (кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі — Еўрарадыё) даручым, каб ён даў ім слова — у нейкім фармаце хай бы яны выступілі на тэлебачанні. Можа быць і гэта. Я ж ведаю, што Давыдзька ідэалагічна вытрыманы чалавек, беларус і размаўляе на беларускай мове цудоўна — ён не дапусціць, каб на тэлебачанні не тое вылезла. Давайце паспрабуем неяк зрушыць гэта пытанне з мёртвай кропкі”.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, дзеячам культуры трэба арыентавацца на працу на радзіме, а “не недзе ў Расіі — там сваіх такіх хапае”. “Яны (музыкі — Еўрарадыё) можа і сапраўды недзе там “накасячылі” і іх бы “закрылі” за тое і ў Еўропе, і ў Амерыцы, і ў Расіі, але можа не час і няма неабходнасці нам так жорстка да гэтага падыходзіць”, — заўважыў кіраўнік краіны.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі