Лукашэнка: У пасылках нам наркату шлюць, а мы меры прыняць не можам!(відэа)

Аляксандр Лукашэнка даў Міністэрству ўнутраных спраў абсалютныя паўнамоцтвы па каардынацыі барацьбы з наркотыкамі. Такое рашэнне ён прыняў 4 снежня на нарадзе па барацьбе з незаконным абаротам наркатычных сродкаў.

"З заўтрашняга дня вы будзеце прымаць рашэнні, і ў частцы барацьбы з наркотыкамі яны будуць абавязковымі для ўсіх. Калі вы мне напішаце ліст па далучэнні прэзідэнта да гэтага пытання, яно будзе і для мяне абавязковым", — перадае БЕЛТА зварот Лукашэнкі да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Кіраўнік Беларусі лічыць сітуацыю з наркотыкамі вельмі сур'ёзнай: "Сур'ёзнае становішча, ідзе вайна. Звычайныя міліцыянты скардзяцца: развяжыце нам рукі, мы вам пакажам, як трэба з імі змагацца. А мы, як злачынцы, стрымліваем гэты працэс, і не толькі наўмысна, проста мы лічым, што гэта не важна. Важна!"

Шуневіч заявіў, што неабходна карэктаваць заканадаўства, звязанае з інтэрнэт-дзейнасцю. У прыватнасці, на яго думку, трэба забараніцб доступ усім інтэрнэт-карыстальнікам да сайтаў, уключаным у спіс абмежаванага доступу.
Акрамя таго, МУС лічыць неабходным разгледзець пытанне пра забарону ствараць электронныя кашалькі ў электронных аплатных сістэмах на тэрыторыі Беларусі без рэгістрацыі поўных звестак уладальнікаў у банкаўскіх установах.

Кіраўнік дзяржавы выказаў падтрымку ініцыятывам міністра: "У пасылках нам наркату шлюць, а мы, бачыце, меры прыняць не можам! Неадкладна разам з калегамі сядзьце і секаніце на ўсю катушку!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі