Лукашэнка заклікаў паскорыць рух на шляху еўраэканамічнай інтэграцыі
5 сакавіка ў Нова-Агарове пад Масквой прайшло паседжанне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Казахстана
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў інтэграцыйным праекце трэба "выйсці на канкрэтныя вынікі". Між іншым, у Мытным саюзе, дзе засталося прыняць "прынцыповае рашэнне" па некаторых пытаннях, неабходна завяршыць працу па стварэнні Мытнага саюзу без якіх-колечы абмежаванняў і выключэнняў.
"Фактычна засталіся выключэнні толькі па некаторых, аднак вельмі адчувальных таварах, уключаючы алкаголь, тытунь, лекі, нафту і газ. Нам неабходна прыняць па іх прынцыповае рашэнне. Аднак з'явіліся падыходы, калі адмену выключэнняў па таварах пачалі ўвязваць з адменай выключэнняў па паслугах, капітале і працоўнай сіле", — сказаў кіраўнік Беларусі.
Паводле Лукашэнкі, гатоўнасць праекту па-ранейшаму ацэньваецца экспертамі на 70–80%.
Кіраўнік Беларусі спыніўся на праекце Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Ён падкрэсліў, што гэты саюз не павінен паўтарыць сумны досвед фармавання адносінаў у СНД. "Людзі чакалі ад нас крокаў па фармаванню ў рамках СНД нармальных адносінаў і саюза — не атрымалася, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — І ў людзей вельмі вялікая насцярожанасць, каб гэта не адбылося і з нашым Мытным саюзам, і Адзінай эканамічнай прасторай".
Таксама Лукашэнка, Пуцін і Назарбаеў гаварылі пра сітуацыю ва Украіне і яе ўплыў на рынак Мытнага саюза. Аднак падрабязнасці гэтай часткі нарады пакуль невядомыя.
Фота — ІТАР-ТАСС