Марціновіч: Я патлумачыў, што прэзентую легальную кнігу
Віктар Марціновіч здзіўлены, што прэзентацыю яго кнігі ў Гродне сарвалі. Ён лічыць, што гэта мясцовы перагіб.
Нагадаем, што пісьменнік ладзіў у Гродне прэзентацыю свайго рамана "Мова". У каментары Еўрарадыё ён распавёў, што неўзабаве пасля пачатку імпрэзы ў зале з'явіліся міліцыянт, прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і чыноўнік гарвыканкама. Яны спынілі прэзентацыю, а самога Марціновіча сталі распытваць, чаму ён ладзіць імпрэзу без дазволу гарвыканкама.
Віктар Марціновіч: "На што было дадзена тлумачэнне пра тое, што сустрэча праходзіць у памяшканні. Сустрэча праходзіць з нагоды выхаду кнігі, якая з'яўляецца легальнай, якая знаходзіцца ва ўсіх крамах і, прабачце, разышлася велізарным для Беларусі накладам. Што сустрэча праходзіць у дзень, калі прэзідэнт сустракаўся з беларускімі пісьменнікамі".
Па словах Марціновіча, гродзенскія чыноўнікі, мабыць, яшчэ не ведаюць, што беларускую літаратуру "дэкрыміналізавалі".
Прадстаўнікі ўлады склалі пратакол і паабяцалі даць прававую ацэнку сённяшняй вечарыне на працягу 10 дзён.
Фота — generetion.by