Марын Лё Пэн патрабуе выдаліць з Францыі ўсіх замежнікаў-ісламістаў
І забараніць ім уезд у краіну.
Кіраўніца французскай радыкальнай партыі "Нацыянальны фронт" Марын Лё Пэн заявіла, што з Францыі неабходна неадкладна выдаліць усіх замежнікаў, якія трапілі ў поле зроку праваахоўных органаў праз свае сувязі з радыкальным ісламізмам.
"Замежнікі, вядомыя па сваіх сувязях з радыкальным ісламізмам, з гэтага часу павінны не проста адзначацца ў дасье спецслужбаў, але неадкладна выдаляцца з французскай тэрыторыі, калі яны пражываюць у Францыі, і ў кожным разе ім павінен быць забаронены ўезд у краіну", — перадае РБК словы французскага палітыка.
Нагодай для заявы Лё Пэн сталі падзеі ў цягніку Амстэрдам — Парыж. Увечары 21 жніўня там адбылася страляніна, падчас якой былі параненыя тры чалавекі. Па адбітках пальцаў паліцыя выявіла, што страляў 26-гадовы грамадзянін Марока Аюб аль-Каззані. Да 2014 года ён пражываў у Іспаніі, дзе быў арыштаваны за гандаль наркотыкамі.
Нападніка дапамаглі абясшкодзіць два амерыканскія вайскоўцы. Яны пачулі, што ў прыбіральні нехта перазараджае аўтамат Калашнікава, і такім чынам выявілі злачынца.
Кіраўнік МУС Францыі Бернар Казнеў дапусціў, што нападнік можа быць прыхільнікам радыкальнага ісламізму.