Мельянцоў: Просьба Шыдлоўскага — у межах сённяшняй палітыкі Беларусі
Беларускі палітолаг пракаментаваў Еўрарадыё просьбу кіраўніка беларускай дыпмісіі “працягнуць Беларусі руку дапамогі”.
Прамова кіраўніка беларускай дыпмісіі ў ЗША Паўла Шыдлоўскага з’яўляецца мэсіджам для краін Захаду і ЗША, каб яны сталі больш цікавіцца Беларуссю, лічыць палітолаг Дзяніс Мельянцоў. На думку Мельянцова, якую ён выказаў у каментары Еўрарадыё, Шыдлоўскі паўтарыў тое, што шмат разоў прагаворваў беларускі кіраўнік.
Мельянцоў: “Ёсць устаноўка прэзідэнта і ўстаноўка Міністэрства замежных справаў, што яны ўвесь час падчас розных значных канферэнцый, дзе прысутнічаюць прадстаўнікі краінаў ЕС і ЗША, падкрэсліваюць сваё жаданне супрацоўнічаць і прагматычна супрацоўнічаць, падкрэсліваюць небяспеку з боку Расіі. То бок, гэта такая накіраваная і досыць сістэмная праца. І я б разглядаў гэтую заяву Шыдлоўскага не як сенсацыйную, якая выбіваецца з гэтага шэрагу, а як частку палітыкі на нармалізацыю адносінаў з Захадам і ЗША”.
Як паведамляла Еўрарадыё, часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі зрабіў шэраг гучных заяваў падчас канферэнцыі Атлантычнага савета, прысвечанай праблемам Усходняга партнёрства 30 студзеня. Кіраўнік беларускай дыпмісіі прызнаў праблемы з дэмакратыяй у Беларусі, аднак папрасіў "працягнуць руку дапамогі", бо незалежнасць краіны знаходзіцца пад пагрозай.
Беларускі дыпламат просіць дапамогі ў ЗША: На коне — наша незалежнасць