Мінсельгасхарч: выпадак захворвання на сібірскую язву быў адзінкавы
Ачаг сібірскай язвы ліквідаваны, выпадак захворвання быў адзінкавы. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктар Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Іван Смільгінь.
"Усталяваны адзінкавы выпадак сібірскай язвы ў каня ў прыватным сектары ў вёсцы Хотамель Столінскага раёна. Ужо праведзены мерапрыемствы па ліквідацыі ачага, зараз праводзіцца прафілактыка: дэзінфекцыя, вакцынацыя ўсяго ўспрымальнага пагалоўя (буйная рагатая жывёлу, авечкі, коні, козы). Сёння мерапрыемствы па вакцынацыі будуць завершаныя", — падкрэсліў чыноўнік.
Як распавядала Еўрарадыё, выпадак сібірскай язвы быў выяўлены ў каня з прыватнай гаспадркі ў вёсцы Хотамель Столінскага раёна Брэстчыны.
Па словах намесніцы міністра аховы здароўя — галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Наталлі Жукавай, былі вызначаныя ўсе кантактныя асобы, арганізаванае назіранне за іх станам здароўя. Спецыялісты абышлі ўсе двары і выявілі тых, хто мог кантактаваць з хворай жывёлай. "Усе яны неаднаразова агледжаныя лекарам, штодня праводзіцца кантроль стану здароўя, скаргаў няма. Тым, хто непасрэдна кантактаваў з жывёлай, прызначаная антыбіётыкапрафілактыка", — дадала яна.
Жукава падкрэсліла, што інкубацыйны перыяд для людзей ужо скончыўся — гэта значыць, час, на працягу якога магло праявіцца захворванне, прамінуў. Аднак інкубацыйны перыяд для жывёлаў яшчэ працягваецца, таму спецыялісты вядуць назіранне.
Паша, дзе пасвіўся конь, пакуль не выкарыстоўваецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.