Мінск афіцыйна перавялі на артэзіянскую ваду

Вада, ілюстрацыйнае фота

Вада, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

10 студзеня Мінск афіцыйна цалкам перавялі на артэзіянскія крыніцы водазабеспячэння.

Да апошняга часу два вялікія раёны сталіцы — Фрунзенскі і Маскоўскі — карысталіся вадой з паверхневых крыніцаў. Ва ўрачыстым пуску артэзіянскай вады на новай насоснай станцыі "Шчамысліца" паўдзельнічаў Аляксандр Лукашэнка. Перавод Мінска на артэзіянскія крыніцы водазабеспячэння ён параўнаў з засваеннем космасу: "Шмат гаворым пра космас, спадарожнікі, АЭС. А гэты праект параўнальны, але — яшчэ важнейшы для мінчукоў!"

Паведамляецца, што ў рамках гэтага праекта былі адкапаныя 90 новых артэзіянскіх свідравін.

Перавод Мінска цалкам на артэзіянскія крыніцы набыў асаблівую актуальнасць пасля гісторыі з дрэннай вадой у чэрвені 2020-га. Тады жыхарам Маскоўскага і Фрунзенскага раёна сталі пастаўляць у дамы ваду з рэзкім непрыемным пахам. Пазней выявілася, што праблема звязаная з рамонтам на ўчастку вадавода, па якім вада з Вілейскага вадасховішча дастаўлялася ў Мінск. Падчас рамонту ён не выкарыстоўвася, там заставалася 6 тысяч кубаметраў вады, якая стала затхлай у гарачае надвор'е. Па выніках праверкі пачалі крымінальную справу — у службовай халатнасці абвінавацілі двух інжынераў. У 2023 годзе адной абвінавачанай прысудзілі 4 гады "хатняй хіміі", а другога абвінавачанага вызвалілі ад крымінальнай адказнасці па амністыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі