"Мне што, апраўдвацца перад кожным?" Аляксандр Глеб купіў зямлю ля Мінскага мора
Навошта вам столькі ўчасткаў каля Мінскага мора, Аляксандр? / Прессбол
Самы паспяховы беларускі футбаліст Аляксандр Глеб у 2020 годзе набыў зямельны ўчастак у "першай лініі" на беразе Мінскага мора. Цяпер ён сусед Жэрара Дэпардзьё. Каб атрымаць зямлю ў элітным месцы, Глебу давялося пісаць Аляксандру Лукашэнку. А ўдакладненне межаў участка і афармленне дакументаў адбывалася з 6 да 13 жніўня 2020-га — якраз тады, калі ў Беларусі адбываліся прэзідэнцкія выбары і разгон масавых пратэстаў.
— Мне што, апраўдвацца перад кожным, які будзе пытацца: навошта мне белыя красоўкі, навошта мне чырвоныя штаны ці навошта мне ўчастак? Ну захацеў, і ўсё. Гэта мая мара была, — адказвае Еўрарадыё Аляксандр. — Што мне адказаць? Што я купіў участак? Так, я купіў яго. Вось і ўсё.
Партал "Трибуна" правёў расследаванне датычна новага набытку футбаліста. Журналісты высветлілі, што аўкцыёну на набыццё зямлі не было: Аляксандр Глеб атрымаў права на элітны ўчастак пасля прашэння, пададзенага на імя Аляксандра Лукашэнкі. Той пакінуў станоўчую рэзалюцыю.
Кадастравы кошт участка на 15 жніўня 2020 года складаў $22,1 за квадратны метр. Аднак па рашэнні Папярнянскага сельскага выканкама Глеб заплаціў нашмат больш — 356 775 рублёў, гэта значыць каля 137 тысяч долараў на момант прыняцця рашэння.
Аляксандр Глеб каментуе куплю ўчастка неахвотна. Маўляў, усё — праз юрыста. А калі Еўрарадыё пытаецца пра ліст на імя Лукашэнкі, і зусім ветліва спыняе размову:
— Усё, што мог сказаць, я сказаў. Вы ж самі выдатна ўсё разумееце. Самі цяпер чытаем, усё ж напісана.
Тым самым футбаліст ускосна пацвярджае, што факты, выкладзеныя "Трибуной", адпавядаюць рэчаіснасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.