Мясніковіч: Беларусь разлічвае на нармалізацыю адносін з Еўрасаюзам
Найперш у Мінску спадзяюцца на адмену абмежаванняў на перасоўванне капіталу.
4 лістапада прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч паўдзельнічаў у пленарным паседжанні Х Беларуска-літоўскага эканамічнага форума ў Магілёве. На яго думку, поспех беларуска-літоўскага супрацоўніцтва шмат у чым вызначаецца нармалізацыяй беларуска-еўрапейскіх адносін. Выбудаваны дастаткова актыўны дыялог з ЕС і ўжо ёсць "шэраг пазітыўных рашэнняў з боку Бруселя", заявіў прэм'ер.
"Мы спадзяемся, што наступным крокам стане адмена абмежаванняў на перасоўванне капіталу, і гэта будзе лагічным рашэннем, — цытуе словы Міхаіла Мясніковіча БЕЛТА. — Мы гэтае пытанне абмеркавалі і на беларуска-амерыканскім інвестыцыйным форуме, які нядаўна правялі ў Нью-Ёрку. Ёсць разуменне таго, што трэба ісці па шляхах зняцця ўсіх абмежаванняў у працы з беларускімі фінансавымі і не толькі арганізацыямі".
Мясніковіч перакананы, што еўрапейскія партнёры ўжо ўсвядомілі, што палітыка санкцый і ўльтыматумаў "абсалютна беспэрспэктыўная". І што такім шляхам "немагчыма выбудоўваць нармальныя адносіны".
Фота — bymedia.net