На "Беларуськаліі" пачалася "італьянская забастоўка"
Шахцёры "Беларуськалія" / Еўрарадыё
Раніцай 24 жніўня ў тэлеграм-канале стачкама салігорскіх шахцёраў з'явіўся зварот да шахцёраў, работнікам абагачальных фабрык і дапаможных цэхаў. Стачкам просіць іх... працаваць!
Працаваць трэба "згодна з рабочымі інструкцыямі і выконваючы тэхніку бяспекі на рабочых месцах". Што гэта значыць? Ніякай больш забастоўкі?
— Не, наадварот, мы заклікаем людзей падтрымаць забастоўку. Але такім чынам, каб чалавек адчуваў сябе спакойна, упэўнена, — каментуе Еўрарадыё сустаршыня стачкама Анатоль Бокун. — Ён, выконваючы тэхніку бяспекі, спыняе працу. На жаль ці на шчасце, калі працаваць, выконваючы ўсе прапісаныя нормы, то працу трэба спыняць, таму што гэта немагчыма. Ёсць маса падстаў для таго, каб працу спыняць.
Супрацоўнікі "Беларуськалія", якія вырашылі баставаць, падзеляцца на дзве катэгорыі: тыя, хто не працуе зусім, і тыя, хто бастуе па "італьянскім сцэнары" — з захаваннем усіх нормаў і выкананнем тэхнікі бяспекі.
— Рэч у тым, што многія не адважыліся выйсці на плошчу, таму што ў многіх арэнднае жыллё, наёмнае жыллё, свайго жылля няма, чалавек не ведае, як яму далей жыць. Народ, які падтрымлівае забастоўку, будзе працаваць па "італьянцы". Ёсць у нас касцяк, які зусім на працу не ходзіць, астатнія будуць падтрымліваць на рабочых месцах, працаваць строга па інструкцыях, — расказвае Еўрарадыё прадстаўнік калектыву чацвёртага рудніка Пётр Печкуроў.
Італьянская забастоўка — форма пратэсту, не менш дзейсная, чым звычайная забастоўка. У гэтым выпадку рабочыя строга выконваюць свае службовыя абавязкі і няўхільна выконваюць тэхніку бяспекі і працоўны рэжым. Часта працаваць у строгай адпаведнасці з інструкцыямі немагчыма: перашкаджаюць абставіны, на якія да пары закрывалі вочы работнік і працадаўца.
Праца ў рэжыме італьянскай забастоўкі прыводзіць да страт для прадпрыемстваў. А змагацца з ёй вельмі цяжка, і прыцягнуць да адказнасці работнікаў наўрад ці атрымаецца. Бо па факце рабочыя нічога не парушаюць. Наадварот, настойваюць на выкананні ўсіх інструкцый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.