На бізнесоўца, у чыім будынку месціцца польскае консульства, завялі "крыміналку"

Будынак, дзе размяшчаецца польскае консульства ў Гродне / Яндэкс. Карты
Следчы камітэт пачаў "спецвытворчасць" на 72-гадовага бізнесоўца Станіслава Буйніцкага. Яго вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры.
Фірме Буйніцкага "Форт" належыць будынак у Гродне на вуліцы Будзёнага, 48а. У ім размяшчаецца Генеральнае консульства Польшчы.
Гэты будынак арыштавалі ці канфіскавалі ў Буйніцкага ўжо нейкі час таму, піша Hrodna.life са спасылкай на ўласныя крыніцы. Улетку 2024-га прапагандысцкія тг-каналы спрабавалі вінаваціць "Форт2 у тым, што ён нібыта браў вялікія грошы за арэнду і не сачыў за станам нерухомасці.
Таксама фірму вінавацілі ў тым, што яна не хоча мяняць шыльду з назвай вуліцы пасля таго, як адрас Будзёнага, 48а памянялі на праезд Эміля Чэчкі, 2.
У 1990-я Станіслаў Буйніцкі быў намеснікам старшыні Саюза палякаў на Беларусі. У 1999-м ён эміграваў у Польшчу па палітычных прычынах, атрымаў польскае грамадзянства. Цяпер жыве ў Беластоку. Аднак яго фірма "Форт" працягвала валодаць офісным будынкам на Будзёнага, 48а. Таму там маглі здымаць офісы палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, якім з палітычных прычын адмаўлялі ў арэндзе ў іншых месцах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.