На дапамогу кнігарні "ЛогвінаЎ" сабралі палову сумы
Кнігарня просіць адкласці выплату грошай на паўгода.
За месяц, пакуль ідзе грамадзянская кампанія #SaveLohvinau, грамадзяне сабралі прыкладна 32,5 тысячы долараў, паведамляе Радыё "Свабода".
Нагадаем, што эканамічны суд Мінска 9 студзеня 2015 годапастанавіў, што за гандаль без ліцэнзіі "Кнігарня ЛогвінаЎ" павінна заплаціць штраф і вярнуць "незаконны прыбытак". Агулам гэта 967 мільёнаў рублёў. У 2014 годзе кнігарня шэсць разоў безвынікова спрабавала атрымаць ліцэнзію.
На пачатку лютага стартавала кампанія #SaveLohvinau, каб сабраць суму на выплату штрафу. Арт-дырэктар кнігарні Павел Касцюкевіч кажа, што ўдалося сабраць палову сумы. Ён спадзяецца, што кнігарня паспее сабраць усю суму. Але адначасова кнігарня падала просьбу ў эканамічныя інстанцыі, каб дазволілі адтэрмінаваць аплату штрафу на паўгода. Адказ наконт адтэрміноўкі павінен прыйсці прыблізна 10–11 сакавіка, кажа Касцюкевіч.
Нагадаем, што ў кнігарні і ў галерэі "Ў" амаль штодня ладзяцца "Марафоны падтрымкі кнігарні Логвінаў".
Фота — svaboda.org