Кнігарня “Логвінаў” з’язджае з намоленага месца на плошчы Перамогі
Кнігарня “Логвінаў” з размахам адсвяткавала апошні дзень працы на старым месцы. Крама з’язджае з намоленага дамка на плошчы Перамогі, дзе працавала апошнія 9 гадоў. З гэтай нагоды “логвінаўцы” зладзілі “Вялікія вылазіны”, на якіх пабывала і Еўрарадыё.
У 1990-я і нават крыху пазней у будынку па праспекце Незалежнасці, 37а працавала крама і пункт прыёму шклатары. Але ў канцы 2000-х усё радыкальна змянілася: тут размясціліся бар і галерэя, а пазней і кнігарня. Тут праходзілі прэзентацыі кніжак і літаратурныя імпрэзы, на якіх можна было пазнаёміцца з пісьменнікамі і паразмаўляць пра літпрацэс. Але прыйшоў час мяняць лакацыю.
“Я думаю, што гэта вясёлая падзея, — распавядае Еўрарадыё пра “вылазіны” выдавец Ігар Логвінаў. — Пераезд заўсёды абяцае, што ўсё будзе толькі лепей, лягчэй ды весялей. Наша галоўная ідэя — ператварыцца ў вандроўную кнігарню. Нам крыўдна, што наша кнігарня працуе нібы толькі для мінчукоў. Пачынаючы з верасня мы паспрабуем аб'ехаць усю Беларусь, даехаць да мястэчак, вёсак, дзе, мабыць, ніколі не было кніжных крам, прывезці нашых пісьменнікаў, выслухаць іх аўтараў, запрасіць у Мінск. У найбліжэйшы год мы плануем зрабіць такіх 20-25 паездак”.
У Мінску кнігарня “Логвінаў” будзе працаваць у творчым кластары на Караля, 22, побач з антыкварыятам “Б/Уржуазные ценности”. Выдавец кажа, што камандзе крамы падабаецца працаваць у нейкай калабарацыі, калі можна не проста прыйсці і набыць кніжку, а спалучыць такі паход з сустрэчай за ежай і віном (як гэта было, калі ў адным будунку з кнігарняй працавалі бар і галерэя “Ў”) ці з візітам у музей-краму, дзе можна паглядзець на прыгожую рэдкую мэблю (як будзе зараз).
“Прычын пераезду вельмі шмат, але ўсё, вядома, зводзіцца да грошай. Нам заўсёды было складана ўтрымліваць гэтае памяшканне. Два гады таму гэта паставіла пад пагрозу існаванне выдавецкіх праектаў, — працягвае Логвінаў. — Спачатку мы плацілі 1000 еўра за месяц, потым дамовіліся на 700. Такія грошы з продажу кніг зарабіць немагчыма. У выніку праблемы з бюджэтам рабілі нашу працу не ў радасць, а ў цяжар”.
Ігар Логвінаў абяцае: усё добрае, што было ў старой краме, каманда паспрабуе перавезці ў новае месца. На вуліцы Караля кнігарня “Логвінаў” запрацуе з 16 ліпеня.