Логвінаў: У дачыненні да нас была выбраная жорсткая і цынічная форма
У панядзелак выдавец спрабаваў абскардзіць пазбаўленне яго выдавецкай ліцэнзіі, але Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі яму адмовіў.
Вось як пракаментаваў Еўрарадыё рашэнне суда Ігар Логвінаў:
“Рашэнне суда мяне не здзіўляе. Больш здзіўляе пазіцыя Міністэрства інфармацыі. Справы аб экстрэмізме праходзяць перыядычна. Яны абмяжоўваюцца папярэджаннямі, альбо нейкімі больш мяккімі санкцыямі. А ў дачыненні да нас была выбраная такая жорсткая і цынічная форма. Гэта сведчыць аб стаўленні Мінінфармацыі да сваіх выдаўцоў і да нацыянальнай літаратуры ў цэлым”.
Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі пракаментаваць Еўрарадыё рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суда катэгарычна адмовіліся.
Нагадаем, адносіны паміж выдаўцом Ігарам Логвінавым і Міністэрствам інфармацыі сапсаваліся ў канцы верасня, калі Логвінава пазбавілі ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. У паведамленні, падпісаным намесніцай міністра Ліліяй Ананіч, паведамлялася, што ліцэнзія адкліканая за парушэнні, звязаныя з выхадам альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”. У красавіку суд Ашмянскага раёна прызнаў выданне экстрэмісцкім.
Выдавец з пазіцыяй Мінінфармацыі не згодны. Ігар Логвінаў указвае на парушэнні, дапушчаныя чыноўнікамі, а таксама на абсурднасць абвінавачванняў.