На поўначы Мінска ўладкуюць новую лыжную трасу
Дзіця катаецца на лыжах у Мінску
Каля Цнянскага вадасховішча на поўначы Мінска ў снежні з'явіцца абсталяваная лыжная траса. Пра гэта на прамой лініі 3 снежня расказала кіраўніца справамі адміністрацыі Савецкага раёна сталіцы Іна Барыева.
Даўжыня маршруту будзе складаць каля кіламетра. Ён будзе закальцаваны. А пройдзе новая траса ўздоўж канала Сляпянскай воднай сістэмы, які ідзе ад вадасховішча да вуліцы Мірашнічэнкі.
Лыжню плануецца зрабіць шырынёй 5 метраў. На ёй будуць тры ўмоўныя паласы: адна — для класічнага бегу на лыжах, дзве — для перамяшчэння каньковым ходам.
Пакрыццё гарадскія ўлады збіраюцца насыпаць снегавымі гарматамі. На трасе ўсталююць інфармацыйныя таблічкі з адзнакамі старту, фінішу, схемы руху. Будзе арганізаваны пракат спартовай амуніцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.