Распрацоўшчыкам брэнда Мінска заплацілі, але брэнд не выкарыстоўваюць

Бела-блакітны патэрн, які брытанская кампанія Instid распрацавала, як брэнд беларускай сталіцы яшчэ ў 2012 годзе, на вуліцах пакуль не з’явіўся. Як даведалася Еўрарадыё, распрацоўшчыкам заплацілі.

“Тут сыграла ролю негатыўная сітуацыя, якую падагрэлі СМІ. Яшчэ калі не было вынікаў. Калі інфармацыя выпадкова была растыражаваная, з’явіліся негатыўныя водгукі на форумах. Мінгарвыканкам не можа прыняць рашэнне, калі насельніцтва яго не падтрымлівае”, — узгадваюць пра брэнд сталіцы ва Упраўленні спорту і турызму Мінгарвыканкама праз амаль год цішыні.

“Мінскі стыль” абышоўся ў 300 мільёнаў рублёў. Яго візуальнае ўвасабленне — блакітныя палосы на белым фоне ў любых варыяцыях. Але цяпер яго не выкарыстоўваюць.

“Пакуль вырашылі ўзяць паўзу, бо, можа, мы яшчэ не саспелі для такога рашэння. Не хочацца рабіць памылку і атрымліваць негатыў”, — кажуць ва Упраўленні спорту і турызму.

У кампаніі, якая распрацавала брэнд Мінска, на сталічныя ўлады не крыўдуюць.

“Наколькі я разумею, яны карыстаюцца ідэяй “Мінск-разумны горад”, але спужаліся візуальнага стылю і вырашылі пачакаць”, — тлумачыць дырэктарка па даследаваннях Instid Наташа Гранд.

Больш за 40 канцэпцый для брэнда Мінска прапаноўвалі кампаніі, навучальныя ўстановы і дызайнеры разам са “сборнай па брэндынгу”, якую ініцыявала група кампаній Satio. Маркетолагі і дызайнеры наладзілі кампанію, як альтэрнатыву прапанаванаму патэрну ад брытанскай кампаніі.

Брэнд Мінска выяўлялі праз QR-код у форме нацыянальнага узору, праз рознакаляровыя літары, у форме сэрца Еўропы і нават Нацыянальнай бібліятэкі. У Мінгарвыканкаме гэтыя варыянты атрымалі, але у якасці брэнда нічога не ўзялі.

А год таму кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька заклікаў раўняцца не на брэнд, а на герб Мінска.

Фота: brandminsk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі