Намесніка начальніка Белчыгункі звольнілі за карупцыю

Сяргей Сізін

Сяргей Сізін / bsut.by

Намесніка начальніка Беларускай чыгункі Сяргея Сізіна звольнілі за карупцыю. Пра гэта гаворыцца ў пастанове Саўміна №587 ад 9 жніўня, апублікаванай 15 жніўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У дакуменце падставай для звальнення называецца "парушэнне работнікам, які з’яўляецца дзяржаўнай службовай асобай, пісьмовага абавязацельства, прадугледжанага заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй (пункт 51 часткі першай артыкула 47 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь)".

Звесткі пра затрыманні ў кіраўніцтве БЧ з'явіліся ў СМІ напрыканцы ліпеня з падачы "Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі". Паведамлялася, што сілавікі зацікавіліся намеснікам начальніка БЧ Сяргеем Сізіным, які курыраваў дзейнасць пуцявой гаспадаркі, гаспадарак сігналізацыі і сувязі, электрыфікацыі і электразабеспячэння.

На пачатку чэрвеня паведамлялася пра затрыманне першага намесніка начальніка БЧ Пятра Дулуба. У сярэдзіне чэрвеня Дулуба звольнілі з той жа фармулёўкай, што і Сізіна.

12 жніўня Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка БЧ. Ім стаў Валерый Вярэніч — да таго першы намеснік міністра транспарту і камунікацый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі