Наступную групу палітвязняў плануюць памілаваць да 17 верасня — Васкрасенскі

Юрый Васкрасенскі

Юрый Васкрасенскі

Наступную партыю палітвязняў рэжым Лукашэнкі плануе памілаваць да так званага "Дня народнага адзінства" — 17 верасня. Такую дату ў эфіры ў дзяржпрапагандыста Рыгора Азаронка назваў праўладны "палітолаг" Юрый Васкрасенскі.

Паводле яго, ад пачакутку 2024 года Лукашэнка памілаваў ужо 80 палітвязняў.

"Зразумела, што гэты працэс не будзе бясконцы, але я думаю, мы ўшануем наша дзяржаўнае свята Дзень народнага адзінства — зробім яшчэ адзін крок па шляху зняцця канчатковага напружання ў нейкіх сацыяльных групах", — заявіў Васкрасенскі.

А далей, паводле яго, трэба размаўляць з прадстаўнікамі заходніх дзяржаваў. Маўляў, хай яны прапануюць што-небудзь наўзамен "у адказ на такую ласку і дабрыню" з боку Лукашэнкі.

Таксама Васкрасенскі паведаміў, што палітвязні, памілаваныя Лукашэнкам, будуць выключаныя са спісаў экстрэмістаў і тэрарыстаў.

"Выхад паводле ўказа прэзідэнта — гэта не тое ж самае, што выхад па заканчэнні тэрміну. Ты як бы адразу выключаешся са спісаў экстрэмістаў, тэрарыстаў. Ты атрымліваеш магчымасць пачаць жыццё з чыстага аркуша", — патэтычна заявіў ён.

Сёння стала вядома пра памілаванне 30 палітвязняў — гэта сем жанчын і 23 мужчыны. Паведамлялася, што большасць з іх — бацькі непаўналетніх дзяцей. Імёны памілаваных не называюцца. СМІ ўдалося даведацца толькі пра адну памілаваную — адну з заснавальніц руху "Маці 328" Марыну Кісялевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі