Нямецкая разведка праслухоўвала перамовы Лукашэнкі і Прыгожына — СМІ
Аляксандр Лукашэнка і Яўген Прыгожын / калаж esp.md
Тэлефонныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Яўгенам Прыгожыным 24 чэрвеня падчас маршу на Маскву праслухоўвала Федэральная разведвальная служба (BND) Германіі. Пра гэта піша нямецкі медыяхолдынг ARD.
У СМІ сцвярджаюць, быццам BND ведала пра пасярэдніцкую ролю Лукашэнкі.
Журналісты звярнуліся па каментар да BND, але нямецкая спецслужба заявіла, што не каментуе публічна сваю дзейнасць.
Паводле звестак журналістаў ARD, нямецкая разведка прыкладна за тыдзень да мяцяжу вагнераўцаў атрымала "цьмяныя сігналы" пра будучыя падзеі. BND паспрабавала зверыць інфармацыю з партнёрамі, але спроба апынулася беспаспяховай. Таму канцлеру пра гэтыя звесткі не далажылі.
Раней у СМІ казалі, што BND далажыла Олафу Шольцу пра мяцеж толькі пасля яго пачатку. Сам канцлер заяўляў, што ў Германіі не ведалі загадзя пра планы Прыгожына.
Як піша ARD, нямецкая разведка добра ведала пра ўнутраныя працэсы у ПВК "Вагнер" яшчэ з мінулага года, калі ўзламала ўнутраныя камунікацыі ў кампаніі. Але, дадаюць журналісты, адзін з супрацоўнікаў BND выдаў расійскім службам аперацыю па праслухоўцы і быў за гэта затрыманы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.