Нявыплата падаткаў, сувязі з Лукашэнкам. Гэта пра Свята-Елісавецінскі манастыр

Новае расследаванне "Бюро"

Новае расследаванне "Бюро" / belarus2020

Свята–Елісавецінскі жаночы манастыр — адзіны дзеючы манастыр у Мінску. Яго кіраўнік Андрэй Лемяшонак падтрымаў масавыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі ў 2020 годзе, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны манастыр заняўся адпраўкай дапамогі расійскім салдатам.

Журналісты расследавальніцкага цэнтра "Бюро" расказалі пра тое, як манастыр абыходзіць падаткі, падтрымлівае Расію ў вайне супраць Украіны і якім чынам з ім звязанае атачэнне Лукашэнкі.

Еўрарадыё пераказвае тэкст першага расследавання.

Што наконт падаткаў?

У СЕМ працуе каля 1600 супрацоўнікаў. Паводле трох не звязаных паміж сабой крыніц "Бюро", каб ухіліцца ад выплаты падаткаў за сваіх супрацоўнікаў, СЕМ вядзе двайную бухгалтэрыю.

Заробак наёмнага супрацоўніка СЕМ умоўна дзеліцца на дзве часткі: 15% і 85%. 15% — "белая" зарплата. Яна афіцыйна налічваецца супрацоўніку пасля адлічэння з яе выплат у дзяржбюджэт.

Як стала вядома "Бюро", СЕМ недаплачвае ў бюджэт за сваіх супрацоўнікаў, але гэта не адзіная эканомія манастыра. Дзеля ўхілення ад падаткаў на прыбытак прыстанак маскіруе даходы пад ахвяраванні.

Напрыклад, СЕМ арганізоўваў летнік для падлеткаў. Каб запісаць дзіцяці, бацькам трэба было ўнесці "рэкамендаванае ахвяраванне" наступных памераў: 5 дзён/10 дзён — 250/450 рублёў.

Або запрашаў прыняць удзел у майстар-класе мастака-акварэліста. "Ахвяраванне" за ўдзел у майстар-класе: дзіця — 5 рублёў, дарослы — 10 рублёў. Фарбы і паперу забяспечвае мастак, але са сваімі матэрыяламі сума "ахвяравання" будзе ніжэйшай.

"Бюро" прыходзіць да высновы, што СЕМ займаецца падменай паняццяў. Слова "кошт" або "аплата" яны мяняюць на "ахвяраванне".

Грошы афармляюцца не як прыбытак ад аказання паслуг і камерцыйнай дзейнасці, з якой належыць выплочваць падатак на прыбытак, а як ахвяраванні, якія падаткам наогул не абкладаюцца.

Неуплата налогов, связи с Лукашенко. Мрачный мир Свято-Елисаветинского монастыря
Гандлёвыя кропкі СЕМ / buromedia.io

Тое ж самае адбываецца і ў гандлёвых кропках манастыра. Паводле інфармацыі "Бюро", у месцах рэалізацыі прадукцыі ўстановы няма касавых апаратаў, пераважна пакупкі праходзяць як "ахвяраванні" за наяўны разлік.

Карыслівая "дапамога"

Сялянская гаспадарка "Манастырскае падвор'е", якая належыць манастыру, таксама прыцягнула ўвагу расследвальнікаў.

Там жывуць людзі, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі: тыя, хто страцілі жыллё, выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, якія пакутуюць ад п'янства або наркаманіі, інваліды. Манастыр забяспечвае такіх людзей адзеннем, харчаваннем, прадметамі асабістай гігіены.

Неуплата налогов, связи с Лукашенко. Мрачный мир Свято-Елисаветинского монастыря
Мужчынскае падвор'е / buromedia.io

Калі ствараўся гэты рэабілітацыйны цэнтр, сэнс быў у тым, каб дапамагаць людзям, якія выпалі з соцыума. Але насамрэч гэтага не робіцца. Гэта працуе толькі з мэтай атрымання фінансаў і рэкламы для спонсараў, што вось мы тут такія харошыя — расказала адна з крыніц "Бюро".

Прапаганда рускага свету

Яшчэ адзін сацыяльны напрамак манастыра — адукацыя. У СЕМ ёсць свая прыватная школа з праваслаўным ухілам "Іхвіс".

Паводле інфармацыі "Бюро", з 2023 года вучняў "Іхвіс" сталі ўцягваць у спансаванне расійска-ўкраінскай вайны і прапаганду рускага свету — у верасні 2023 года навучэнцы выступілі на фестывалі "Радасць", у рамках якога прайшоў дабрачынны канцэрт у дапамогу Данбасу "Сваіх не кідаем".

У лютым 2024 года СЭМ арганізаваў мерапрыемства да Дня абаронцаў Айчыны. Манастыр заклікаў дзяцей запісаць музычную кампазіцыю ваенна-патрыятычнага зместу, прамаркіраваўшы лагатыпам #Дети-воинам з лацінскай літарай Z.

Неуплата налогов, связи с Лукашенко. Мрачный мир Свято-Елисаветинского монастыря
Вучні на фестывалі "Радасць" / buromedia.io

У гэткім жа духу выхоўваюць і дзяцей руху "Арляняты", які з'явіўся ў СЕМ з блаславення Андрэя Лемяшонка. Як і вучням "Іхвіс", "арлянятам" таксама прышчапляюць любоў да "расійскай Радзімы".


Сувязі з атачэннем Лукашэнкі

Паводле звестак "Бюро", акрамя ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў у школе "Іхвіс" і лагеры для "арлянятаў" СЕМ праводзіць спартовыя мерапрыемствы.

Кіруе спартова-патрыятычным ухілам чэмпіён свету па гіравым спорце Ігар Сігневіч.

6 студзеня 2024 года Сігневіч апублікаваў фатаграфію са спартсменам Вазгенам Сафар'янцам, духоўнікам СЕМ Андрэем Лемяшонкам і Уладзімірам Кулаковым — сваяком Лукашэнкі.

У рамках інавацыйнага праекта Сігневіч праводзіць работу з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі разам з тытулаванымі беларускімі спартсменамі Джавідам Гамзатавым і Вазгенам Сафар'янцам.
Апошні — кіраўнік фонду "Спорт пачынаецца з дзяцей" — гэта беларускі філіял расійскага некамерцыйнага фонду падтрымкі развіцця дзіцячага спорту "Спорт пачынаецца з дзяцей".

Неуплата налогов, связи с Лукашенко. Мрачный мир Свято-Елисаветинского монастыря
Нарада ў СЕМ / buromedia.io

Яго заснаваў расіянін Антон Кабанаў. Ён фігуруе ў базе "Міратворац" як расійскі вайсковы злачынец — удзельнік расійска-беларускай агрэсіі супраць Украіны і абвінавачваецца ў генацыдзе ўкраінскага народа.

"Бюро" рэзюмуе, што пасля нападу Расіі на Украіну падтрымка беларускіх уладаў мінскім манастыром у ваенным пытанні пачала набіраць абароты. СЕМ рэгулярна праводзіць ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы, выкарыстоўваючы сімволіку так званай СВА, арганізоўвае зборы ахвяраванняў — грошы пазней накіроўваюцца на акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі і закупку машын для расійскіх вайскоўцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі