Пачынаецца суд над экс-гендырэктарам мінскага "Дынама" Максімам Суботкіным
У чацвер, 8 верасня, пачынаецца суд над экс-гендырэктарам мінскага хакейнага "Дынама" Максімам Суботкіным. Крымінальную справу будзе разглядаць суд Першамайскага раёна сталіцы. Пачатак у 14.30.
Суботкіна, які знаходзіцца за кратамі больш за год, вінавацяць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 424 КК), у завалоданні грашовымі сродкамі клуба з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў (ч. 4 арт. 210) і ў перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426).
Максім Суботкін нарадзіўся ў 1978 годзе. Ён скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Быў дэпутатам Бабруйскага гарсавета. Да працы ў ХК "Дынама-Мінск" быў дырэктарам ХК "Шыннік-Бабруйск".
Яшчэ вясной стала вядома, што Максім Суботкін кампенсаваў шкоду ў 2,3 млрд рублёў, а таксама напісаў прашэнне аб памілаванні. Аднак дагэтуль застаецца за кратамі.
А вось былога генеральнага менеджара ХК "Дынама-Мінск" Уладзіміра Беражкова вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе яшчэ ў пачатку красавіка. Яго абвінавачвалі ў завалоданні фінансамі клуба з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў. Ён таксама кампенсаваў шкоду і напісаў прашэнне аб памілаванні. Крымінальны пераслед Беражкова быў спынены са згоды кіраўніка дзяржавы.